Зь пяцёх студэнтаў, якія на фатаграфіі стаяць з плякатамі каля ўнівэрсытэту, чатырох адлічылі. Пакуль пашкадавалі толькі першакурсьніцу. Кіраўніцтва МІТСО ад камэнтароў адмовілася.
Міжнародны ўнівэрсытэт «МІТСО» — камэрцыйная ВНУ, адзін год навучаньня каштуе для студэнтаў ад 3475 да 3900 рублёў. Студэнты даведаліся пра адлічэньне выпадкова, у іх не было ні вымоваў, ні папярэджаньняў. Сфатаграфаваць загад не дазволілі, выпісак з загаду не далі.
«Мы не хацелі вас адлічаць, але вы ж разумееце — сыстэма»
Аляксандра вучылася на 2 курсе эканамічнага факультэту МІТСО, спэцыяльнасьць — мэнэджмэнт. Дзяўчына расказала, што першы раз выйшлі і сталі ў ланцуг 1 верасьня, але выходзілі нячаста.
«Пасьля 26 кастрычніка выходзілі кожны дзень. Прычым не падчас заняткаў, а за паўгадзіны да пачатку, стаялі паўгадзіны. Нам адміністрацыя казала, што гэта не грамадзянская пазыцыя, а мы займаліся палітыкай. Потым прапанавала форму дыялёгу — маўляў, давайце прызначым дзень, зьбяромся ў актавай залі. Але нічога пасьля іхных словаў не было.
Мне напісалі паведамленьне „ЎКантакце“ — „зайдзіце ў дэканат, азнаёмцеся з загадам“. Асабіста мяне адлічылі „за пропускі заняткаў“, хоць я ведаю шмат людзей, у якіх пропускаў значна больш», — расказала адна з адлічаных Аляксандра.
Загад аб адлічэньні чатырох студэнтаў падпісаў 6 лістапада рэктар МІТСО Ўладзімер Лосевым. З загадам яны азнаёміліся толькі ў аўторак, 10 лістапада. Прычым аднаго адлічанага хлопца наагул не хацелі пускаць ва ўнівэрсытэт, прапусьцілі толькі ў суправаджэньні аховы, працягвае Аляксандра.
«Сярэдні бал у мяне — адзін з самых высокіх: 9,5. У мяне не было ні заўвагаў, ні папярэджаньняў. Афіцыйна я адлічаная за пропускі заняткаў. Куратар нашай групы была ў шоку, абуралася: «Як так — адлічылі дзьвюх дзяўчынак з маёй групы, а мяне нават не папярэдзілі?»
Жанчына, якая аддавала дакумэнты, сказала, што, маўляў, «вельмі шкада, мы не хацелі вас адлічаць, але вы ж разумееце — сыстэма», — уздыхае Аляксандра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі разагналі акцыю салідарнасьці студэнтаў БДЭУ ў Менску
«Нас адлічылі адразу, а студэнтам, у якіх было больш пропускаў, давалі папярэджаньні»
Мікіта — студэнт 3 курсу эканамічнага факультэту, вучыўся на спэцыяльнасьці «лягістыка». Кажа, што пра сваё адлічэньне даведаўся выпадкова.
«Я прыйшоў у дэканат, каб напісаць заяву, што ў адзін дзень былі пропускі з паважнай прычыны, а мне кажуць: „Няма сэнсу нічога пісаць, ты ўжо адлічаны“. Паставілі перад фактам. Фармальна адлічылі за пропускі вучэбных заняткаў. У статуце ўнівэрсытэту прапісана, што могуць адлічыць, калі больш за 60 гадзін пропускаў, але ў мяне столькі пропускаў не было.
Прычым нас адлічылі адразу, а студэнтам, у якіх было больш пропускаў, давалі папярэджаньні. Я хацеў сфатаграфаваць загад, але не дазволілі, у мяне яго літаральна вырвалі з рук. Трэба было падпісаць абходны ліст, ва ўнівэрсытэт пусьцілі толькі ў суправаджэньні аховы.
Крыўдна, што столькі грошай заплачана бацькамі за вучобу — навучаньне ў год амаль 3500 рублёў», — кажа Мікіта.
Цяпер ужо былы студэнт МІТСО ня бачыць сэнсу ў тым, каб абскарджваць адлічэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гляджу на студэнтаў і веру, што будзе лепш». Размова зь легендарным выкладчыкам МДЛУ Юрыем Стулавым, які падтрымаў студэнтаў
«Напісалі бацькам, што могуць „павесіць“ адміністрацыйную ці нават крымінальную справу»
Валерыя вучылася на 3 курсе юрыдычнага факультэту на спэцыяльнасьці «правазнаўства». На пратэсты пачала выходзіць 1 верасьня — у першы дзень наагул стаялі за КПП, студэнтаў пастаянна выганялі з прыступак за тэрыторыю ўнівэрсытэту.
«Да тэксту на плякатах паставіліся крэатыўна: у сеціве зьявілася віруснае відэа, дзе адміністрацыя размаўляла са студэнтамі, пісалі цытаты з той размовы, кшталту: „Ня хочаце статусаў ніякіх губляць?“.
Пастаянна да нас прыходзілі два прарэктары — Аляксандар Мікалаевіч Ляпёхін і Алег Восіпавіч Дапіра, супрацоўнікі выхаваўчага аддзелу, казалі, што „вы — неакрэплае пакаленьне, начыталіся тэлеграм-каналаў, нічога не разумееце“.
Потым напісалі нашым бацькам, што нас ня толькі могуць адлічыць, але і павесіць адміністрацыйную і нават крымінальную справу. Бацькі, вядома, засмуціліся, але мяне падтрымліваюць. Канечне, мне вельмі шкада, што яны столькі заплацілі за маю вучобу. Сёлета навучаньне на юрыдычным факультэце каштуе 3900 рублёў», — кажа дзяўчына.
Валерыя сьцьвярджае, што ў яе пропускаў амаль не было, акрамя 26 кастрычніка, калі частка студэнтаў МІТСО страйкавала.
«У мяне зусім мала пропускаў — згодна са статутам МІТСО такая колькасьць на адлічэньне не цягнула. Мяне адлічылі за акадэмічную запазычанасьць. Справа ў тым, што я перавялася зь міжнароднага права на правазнаўства, і мне трэба было даздаць два прадметы (вучэбныя праграмы крыху адрозьніваюцца). У мяне ёсьць перапіска з дэканатам — даздаць мне можна было да сьнежня», — кажа Валерыя пра афіцыйную прычыну свайго адлічэньня.
Усе адлічаныя студэнты маюць намер працягнуць вучобу за мяжой, цяпер разглядаюць прапановы міжнародных фондаў падтрымкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ВНУ працягваюцца акцыі салідарнасьці са звольненымі выкладчыкамі і адлічанымі студэнтамі
Адміністрацыя МІТСО ад камэнтароў адмовілася
У прыёмнай рэктара Ўладзімера Цітова Свабоду накіравалі ў прэс-службу. У прыёмнай прарэктара Аляксандра Ляпёхіна спачатку паабяцалі, што ён сам ператэлефануе, калі вызваліцца. Потым паведамілі, што камэнтару ня будзе. І накіравалі ў прэс-службу, тэлефон якой цэлы дзень заняты.