Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВНУ працягваюцца акцыі салідарнасьці са звольненымі выкладчыкамі і адлічанымі студэнтамі


Акцыя пратэсту студэнтаў БДУ 26 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота
Акцыя пратэсту студэнтаў БДУ 26 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота

У найбуйнейшых беларускіх ВНУ працягваюцца акцыі салідарнасьці са звольненымі выкладчыкамі і адлічанымі студэнтамі.

  • 4 лістапада студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту праходзяць маршам па калідорах ВНУ на знак салідарнасьці з адлічанымі студэнтамі іншых унівэрсытэтаў, піша телеграм-канал Солидарный БГТУ.
  • Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі сёньня арганізоўваюць на лесьвіцах ланцугі салідарнасьці і «сьпеўны сход».
  • Студэнты БДУ зладзілі сьпеўную акцыю ў двары паміж юрыдычным і хімічным факультэтамі БДУ.
  • У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў плянуецца сядзячая дэманстрацыя ў галоўным корпусе. Выкладчыкі і супрацоўнікі запісалі і распаўсюдзілі ў сацсетках відэазварот да адміністрацыі аб аднаўленьні адлічаных студэнтаў акадэміі.
  • Пэтыцыю рэктару рыхтуюць выкладчыкі і супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Яны хадайнічаюць аб адмене загаду аб адлічэньні 53 студэнтаў і называюць яго «дыскрымінуючым паводле палітычных і грамадзянскіх перакананьняў».
  • У телеграм-канале «IN культ» студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта культуры і мастацтваў арганізоўваюць «партызанскі рух»: заклікаюць распаўсюджваць улёткі, налепкі, дзяліцца інфармацыяй аб пратэставых акцыях у сацыяльных сетках.
  • Працягваюць акцыі ў падтрымку звольненых выкладчыкаў студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Раніцай у телеграм-канале «МГЛУ за свободу» ўсіх ахвотных запрашалі на вялікім перапынку паслухаць песьню «Перемен» Віктара Цоя і папляскаць у далоні. Студэнтам раздаюць сінія стужачкі — сымбаль пратэсту супраць незаконных звальненьняў і адлічэньняў ва ўнівэрсытэце.
  • Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта фізычнай культуры распаўсюджваюць па ВНУ навіновую газэту «Салідарнасьць БДУФК», у якой распавядаюць, што адбываецца ва ўнівэрсытэце, заклікаюць да салідарнасьці з адлічанымі і звольненымі.
  • Студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэта прапануюць аднакурсьнікам распаўсюджваць на тэрыторыі ўнівэрсытэта ўлёткі, плякаты з інфармацыяй пра пратэсты.
  • У беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце ўжо больш за 1.200 выпускнікоў падпісалі пэтыцыю на імя рэктара ўнівэрсытэта Сяргея Рубніковіча з патрабаваньнямі адмяніць загад аб адлічэньні студэнтаў і пачаць фармаваць ва ўнівэрсытэце «атмасфэру ўзаемнага даверу і партнэрскіх узаемаадносін».

У студэнцкіх сацсетках пішуць аб пераводзе некаторых унівэрсытэтаў часткова або цалкам на дыстанцыйнае навучаньне, у ВНУ ўводзіцца масачны рэжым. Афіцыйная вэрсія такога кроку — эпідэміялягічная сытуацыя з COVID-19, аднак студэнты лічаць, што гэта робіцца і для таго, каб пагасіць пратэстныя настроі ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG