У дзеяньнях сілавікоў зьявілася новае: затрыманых прымушаюць ісьці па бел-чырвона-белых сьцягах.
Раней амапаўцы дэманстратыўна выціралі аб нацыянальны сьцяг ногі — цяпер яго кладуць на парог аўтазакаў, каб па ім ішлі затрыманыя.
У Жодзіне «на ўваходзе ў турэмны корпус, як і ў аўтазаку, ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг. Адна жанчына старалася не наступаць на сьцяг — за гэта яе ўдарылі дручком» — расказвае мэдык Ірына Маркелава.
(Не кажу ўжо пра тое, што ў перадачах БТ сьцяг фігуруе як сьведчаньне парушэньня закону. Пры тым, што ён не забаронены ніякім законам).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Потым здарыўся эпізод, які перавярнуў усё маё ўяўленьне пра жыцьцё». Доктарка Маркелава пра дзень катаваньняўВядома, у такім пачварным зьдзеку можна ўбачыць і ўспрыманьне сьцягу як сымбаля пратэсту, бо менавіта пад ім працягваюцца масавыя выступы.
Аднак, здаецца, тут нешта глыбейшае.
Зь бел-чырвона-белым сьцягам зьвязаныя, сярод іншага, дзьве найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі — абвяшчэньне і аднаўленьне незалежнасьці 25 сакавіка 1918-га і 25 жніўня 1991-га. Гэта найвышэйшыя дзяржаўныя дасягненьні нацыі, і яны робяць сьцяг сапраўдным нацыянальным сымбалем.
З 1991-га па 1995 год бел-чырвона-белы сьцяг афіцыйна быў сымбалем дзяржаўным, і ўжо адно гэта павінна было б выклікаць у цяперашніх уладаў калі не павагу, дык спакойнае стаўленьне. Дадам, што мне невядома ніводнага выпадку, калі б у 1991-1995 хтосьці з ідэйных, перакананых праціўнікаў камунізму і СССР зьневажаў сьцягі СССР ці БССР, якія ўжо страцілі стасус дзяржаўных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіцьцё дэпутатаў, вяртаньне савецкіх сымбаляў, «забойства беларускай мовы». 25 гадоў таму адбыўся пераломны рэфэрэндумЧасам пішуць, што рэфэрэндум 1995 году быў праведзены Лукашэнкам у жаданьні выпрасіць у Ельцына танныя цэны на нафту і на газ. Сумняваюся. Крэмль меў добрыя стасункі зь некаторымі былымі савецкімі рэспублікамі, якія не вярталіся да савецкай сымболікі і нечага падобнага ад іх ніколі не патрабаваў. Ельцын увогуле ня быў прыхільнікам савецкіх сымбаляў (вядомая ягоная адмоўная рэакцыя на вяртаньне СССРаўскага гімну), іншая справа — афіцэры з Лубянкі, якія ўжо падбіраліся да расейскага трона.
Але, думаю, галоўнай прычынай замены бел-чырвона-белага сьцягу і «Пагоні» на мадыфікаваныя БССРаўскі сымбалі было імкненьне зьняважыць і зьнішчыць нешта вельмі патаемнае ў нацыянальных пачуцьцях — найперш сярод тых, хто быў у авангардзе нацыянальнага Адраджэньня.
Гэта тыя самыя пачуцьці, зьдзек зь якіх можа прымусіць чалавека ісьці на крайнія крокі.
Ва ўсякім разе, дэпутаты, якія за бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоню» і беларускую мову ў красавіку 95-га абвясьцілі галадоўку, у адказ на пытаньне, ці гатовыя яны былі тады ісьці на сьмерць, адказваюць, што так, гатовыя.
У наступныя гады сотні беларусаў уздымалі бел-чырвона-белы сьцяг, усьведамляючы, што будуць за гэта пабітыя ці асуджаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 паверхі даўжынёй. У Менску вывесілі гіганцкі бел-чырвона-белы сьцягМой знаёмы грузін неяк сказаў мне, што калі б у Тбілісі нехта публічна зьняважыў нацыянальны сьцяг (між іншым, ён таксама белага і чырвонага колераў), дык быў бы ўзяты пад ахову яшчэ да суду, бо інакш зь ім магло здарыцца нешта нядобрае.
Напэўна, у кожнай нацыі — свой «парог трываньня». Але тое, што зьнявага сілавікамі бел-чырвона-белага сьцяга набліжае беларусаў да гэтай мяжы, несумненна.
Ёсьць і прававы аспэкт. Зьдзек з нацыянальнага сымбаля цалкам можа кваліфікавацца як распальваньне варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы.
А гэта артыкул 130 Крымінальнага кодэксу з пакараньнем аж да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Гэта калі сусед абразіць суседа. Але тыя ж дзеяньні, спалучаныя з прымяненьнем сілы альбо зьдзейсьненыя службовай асобай з выкарыстаньнем службовага становішча («за гэта яе ўдарылі дручком») — да дзесяці гадоў турмы.
У выпадку ж, калі будучая дэмакратычная ўлада прызнае вынікі рэфэрэндуму 1995 году нелегітымнымі (пра што кажа экс-член Канстытуцыйнага Суду, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў), усё, што рабіла ўлада зь бел-чырвона-белым сьцягам апошнія чвэрць стагодзьдзя, пяройдзе ў іншую прававую плашчыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымнымМагчыма, гэта тэкст прачытае нехта з супрацоўнікаў сілавых структураў, і аргумэнты наконт сумленьня, нацыянальнага гонару і нават юрыдычнай адказнасьці ім здадуцца ня вартымі ўвагі. Паводле зьвестак, яшчэ перад 8 жніўня ім быў дадзены карт-блянш — «Вам нічога ня будзе, што б вы ні зрабілі».
Падобнае ўжо было ў гісторыі. Некаторыя фюрэры і «бацькі нацыі» вызвалялі і ад «хімеры сумленьня», і ад адказнасьці. З сумленьнем потым было па-рознаму, а вось адказнасьць у выніку надыходзіла.
Ну а пакуль, жывучы ў гэтай наіўнай веры, хай амапавец уявіць, што яго прымусілі таптацца бруднымі падэшвамі па фатаздымку сваёй маці.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.