«Колькасьць людзей на вуліцах забясьпечвае жыцьцё палітвязьням». Шэндэровіч пра Калесьнікаву і Лукашэнку

Віктар Шэндэровіч.

Расейскі пісьменьнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч у інтэрвію Свабодзе — пра эскаляцыю гвалту ў Беларусі і пазыцыю Расеі. Шэндэровіч трывожыцца за сваю знаёмую Марыю Калесьнікаву, перакананы, што толькі масавы мірны пратэст можа выратаваць жыцьці беларускім палітвязьням, і асьцерагаецца, каб у Беларусі не запанаваў вэнэсуэльскі варыянт.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Тут фрагмэнты інтэрвію.

Пра вэнэсуэльскі варыянт

Я думаю, што Лукашэнку абсалютна абыякавы Пуцін. Цяпер ён змагаецца за сваё жыцьцё. Сам загнаў сябе ў такі кут, калі размова ідзе пра тое, што бяз улады ў яго няма жыцьця, прынамсі на свабодзе. Гэта драматычная сытуацыя для Лукашэнкі і трагічная для беларускага народу. Пытаньне не ў Лукашэнку, а ў тым, як сытуацыя глядзіцца з гістарычнай дыстанцыі. Відавочна, што цудоўная надзея беларускага грамадзтва на дыялёг з прытомнымі людзьмі вакол Лукашэнкі, у Расеі, правалілася. Найбліжэйшы аналяг — Вэнэсуэла. Беззаконьне ўлады, безуладзьдзе, гвалт могуць працягвацца гадамі.

Стратэгічна Лукашэнка прайграў, а беларусы перамаглі. Стратэгічна ніякага прэзыдэнта Лукашэнкі няма. Ані юрыдычнай, ані сэнсоўнай легітымнасьці няма Адчуваньня «бацькі» хаця б у якой часткі насельніцтва было, а сёньня няма ніякага «бацькі». Мадура ў такім жа стане, што не перашкаджае біць, забіваць і заставацца ва ўладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На злосьць Пуціну». Віктару Шэндэровічу дазволілі выступіць у Менску ўпершыню за 20 гадоў


Куды можа ўцячы Лукашэнка

У Растоў, як Януковіч. Можа, у Кітай. Зразумела, што будзе чапляцца за ўладу да апошняга. Нават пуцінскай уладзе можа надакучыць у літаральным сэнсе плаціць за гэтае вар’яцтва. Колькі Расея ўтрымлівае тыранаў ва ўсім сьвеце, а ў самой краіне не хапае сродкаў на ўласныя шпіталі. Калі гэта надакучыць Пуціну і страты ад Лукашэнкі перавысяць страх Пуціна мець справу з параўнальна незалежнай уладай... Быў варыянт Бабарыкі, але гэты пункт мы праскочылі, два месяцы таму трэба было рабіць. Сёньня Беларусі хочацца зусім на свабоду, а не перайсьці з-пад улады Лукашэнкі пад уладу Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэндэровіч заявіў, што ягоны скасаваны выступ у Менску дазволілі «па адмашцы зь Віскулёў»


Пра дамоваздольнага чалавека, арыентаванага на Маскву

Эканамічны слабы, залежны, кіраваны Лукашэнка — менавіта гэта трэба Пуціну, а не Расеі і не Беларусі. Будуць адкроеныя вялікія кавалкі беларускай маёмасьці. Шантажаваць Лукашэнку Пуціну сёньня вельмі лёгка. Другі варыянт — умоўны Бабарыка. Тады няважна, як будзе аформлена, якое месца Лукашэнку знойдуць у мітычнай саюзнай дзяржаве, каб ён пераехаў у Маскву і перастаў бегаць з аўтаматам, каб улада перайшла да дамоваздольнага чалавека, арыентаванага на Маскву бяз жахаў катаваньняў і з эканамічным кантролем. Гэта трэба Пуціну, але ён найбольш баіцца, што маятнік праскочыць і будзе незалежная Беларусь, павернутая тварам на Захад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэндэровіч у Гомлі. Дзьве гадзіны ўспамінаў і пытаньні без адказу


Пра трывогу за Марыю Калесьнікаву

Я амаль што не жартую, калі называю Беларусь гістарычнай радзімай. Усе мае бабулі і дзядулі адтуль — Магілёў, Мазыр, Бабруйск, Гомель. Натуральна, рыса аселасьці. Шэсьць ці сем гадоў таму я пазнаёміўся з Марыяй Калесьнікавай, у мяне быў канцэрт у Штутгарце, на якім яна была. Марыя сябруе з арганізатаркай канцэрту, мы павячэралі, пазнаёміліся, і яна хацела зрабіць мой канцэрт у Менску, але не атрымалася. Я сказаў — да лепшых часоў. Так атрымалася, што я яе ведаў, калі яна займалася барочнай флейтай у Штутгарце. Сёньня ў мяне пэрсанальная трывога, пачуцьцё адказнасьці; пачуцьцё, што трэба нешта зрабіць, але незразумела, што — і гэта Марыя. Яна галоўная закладніца, які і іншыя палітычныя вязьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка „кідáла“ такі, што Пуціну і ня сьнілася!» — сатырык Шэндэровіч 


Чаму працяг пратэсту гарантуе жыцьці палітвязьням

Я разумею, што, калі пратэст будзе затухаць, гэта будзе азначаць разьвязаньне рук. Колькасьць людзей, якія выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, забясьпечвае жыцьцё палітычным зьняволеным. Ён зразумее, што хваля спала, што яму можна ўжо зусім усё. Кроў на ім ужо ёсьць, і вялікая кроў, і яна яго ня спыніць.

Выбары ЗША адцягнулі ўвагу ад падзеяў у Беларусі. Адышоў фокус увагі. Гэта вельмі добра для Лукашэнкі і вельмі дрэнна для ўсіх нармальных людзей. Адміністрацыя Байдэна будзе ўдзяляць нейкую ўвагу падзеям у Беларусі. Чым больш будзе ўвагі, чым даражэй будзе плаціць Лукашэнка за гвалт; чым больш будзе санкцый, чым больш будзе эканамічных стратаў і асабістай пагрозы, тым большая імавернасьць, што хаця б ня будзе крыві.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея дае магчымасьць Лукашэнку ісьці на новы віток гвалту». Шэндэровіч на акцыі падтрымкі беларусаў


Пра сумныя парадоксы працяглага мірнага пратэсту

Важна, каб Лукашэнка разумеў, што будзе цяжка плаціць за гвалт. Чым большы будзе ціск унутры краіны і звонку, чым гэта будзе больш арганізавана, тым большы шанец, што гвалт ня будзе ў зусім крывавую плашчыню пераходзіць. Беларусь не павінна выходзіць з фокусу ўвагі.

У Лукашэнкі разьлік на стомленасьць. Цяжка, немагчыма выходзіць месяцы запар сотнямі тысяч. У першыя дні можна было зьмесьці ягоную ўладу фізычна. Былі б ахвяры, але не было б Лукашэнкі. Беларусы пайшлі мірным шляхам, ня сталі проста зносіць Акрэсьціна і Дразды ў першыя дні, калі фізычная, масавая магчымасьць і настрой былі. Пытаньне адкрытае: калі ў выніку атрымліваецца больш ахвяраў?

Ня выключаны сумны парадокс, што мірны пратэст можа прывесьці ў выніку да большай колькасьці ахвяраў, чым было б у нямірным. Я надзвычай паважаю выбар беларускага народу і, каб ад мяне залежала паслаць людзей на штурм, разумеючы, што нехта загіне... Тут трэба мець іншую волю і ўяўленьні пра дабро і зло.