Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Астравец на адкрыцьцё Беларускай АЭС адрэагаваў на ўхваленыя 6 лістапада санкцыі Эўрапейскага Зьвязу супраць яго, ягонага сына Віктара і іншага атачэньня.
«Ведаеце, я ўсё жыцьцё пад санкцыямі. Чвэрць стагодзьдзя пад санкцыямі — жывы-здаровы. Я ня паруся наконт гэтага, як кажуць маладыя людзі», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 15 беларускіх чыноўнікаў, разам з Лукашэнкам, уключылі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. СЬПІССанкцыі супраць Лукашэнкі і атачэньня
2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора. 6 лістапада сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў.
Новыя імёны ў сьпісе:
- Аляксандар Лукашэнка
- Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы
- Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
- Іван Тэртэль — старшыня КДБ
- Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
- Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
- Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
- Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце
- Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
- Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
- Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
- Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі
- Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду.
Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньне, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі.
Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз яшчэ раз выказаўся пра нелегітымнасьць Лукашэнкі