У Менску 7 лістапада праходзіць чарговы зьезд Партыі БНФ, які ўхваліў рэзалюцыю аб сытуацыі ў краіне.
Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычна абгрунтаваныя крымінальныя і адміністрацыйныя справы, сказана ў рэзалюцыі, прынятай 7 лістапада ХХ зьездам Партыі БНФ.
«У 2020 годзе беларускі народ, абураны злачыннымі маніпуляцыямі і махлярствам падчас выбарчай кампаніі, выйшаў на вуліцы для дэманстрацыі пратэсту і нязгоды з нахабнымі фальсыфікацыямі. Нягледзячы на тое што абсалютная большасьць акцый насілі мірны характар, улады кінулі супраць пратэстуючых вялізныя сілы МУС і нават войскі, шырока ўжываючы зьбіцьцё, зброю, гумовыя кулі, вадамёты і іншыя спэцсродкі», — адзначаецца ў дакумэнце, які цытуе БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што яны рабілі, — кашмар». Гісторыі людзей, якім адмовілі ў завядзеньні спраў аб зьбіцьці сілавікаміУ рэзалюцыі нагадваецца пра ахвяраў і пацярпелых сярод мірных пратэстоўцаў, адмовы заводзіць крымінальныя справы па шматлiкiх выпадках катаваньняў і зьдзекаў, іншых мэтадах ціску.
«Пад перасьлед трапілі сотні актывістаў БНФ, многія зь іх зазналі арышты і катаваньні, супраць сябра сойму Вітольда Ашурка выстаўленыя крымінальныя абвінавачаньні па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 384 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і ён кінуты за краты», — адзначаюць дэлегаты зьезду.
У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што Беларусь «ня ведала такога маштабу зьверстваў з часоў бальшавіцкага тэрору і нацысцкай акупацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК дагэтуль не распачаў крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра ТарайкоўскагаПартыю БНФ абурае, што агрэсіўная рыторыка і заклікі да гвалту з боку ўладаў «адбываюцца адначасова з крывадушнымі заклікамі да дыялёгу».
«Маштаб палітычных рэпрэсій, шырокае выкарыстаньне гвалту і правакацый сьведчыць пра намер гвалтоўна задушыць нязгоду народу з прыгнётам аўтарытарнай дыктатурай, — сказана ў дакумэнце. — Такім чынам рэжым адкрыта супрацьпаставіў сабе беларускаму народу, запалохваючы народ, ігнаруючы і душачы яго волю».
У гэтай сытуацыі Партыя БНФ лічыць, што іншага выхаду з вострага палітычнага крызісу, акрамя перамоваў, няма. Умовамі для іх пачатку павінны быць вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне ўсіх палітычных крымінальных і адміністрацыйных спраў, зьняцьце абвінавачаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы начальнік ДАІ Менскай вобласьці заявіў пра катаваньні ў турме на АкрэсьцінаАкрамя таго, дэлегаты зьезду запатрабавалі:
- завесьці крымінальныя справы і расьсьледаваць забойствы і катаваньні, што адбываліся падчас выбарчай кампаніі і пасьля выбараў;
- надаць нормам Канстытуцыі аб свабодзе сходаў сілу прамога дзеяньня і спыніць усе перашкоды правядзеньню мірных акцый пратэсту;
- спыніць перасьлед і незаконныя абмежаваньні прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і СМІ;
- стварыць умовы для працы Маскоўскага мэханізму АБСЭ і Рады ААН па правах чалавека па міжнародным расьсьледаваньні падзей у Беларусі, пачынаючы з траўня 2020 году.
«Толькі пры рэалізацыі названых крокаў будуць створаны ўмовы, пры якіх будуць магчымыя мірныя перамовы пра будучыню Беларусі», — лічаць у Партыі БНФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разьвязка набліжаецца хутка», — расейскі гісторык Зубаў пра «сутаргі Лукашэнкі», Крэмль і беларускіх партызан