Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы начальнік ДАІ Менскай вобласьці заявіў пра катаваньні ў турме на Акрэсьціна


Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску.

11 кастрычніка былога начальніка ДАІ Менскай вобласьці Сяргея Маслоўскага затрымалі за ўдзел у нядзельным маршы пратэсту. З таго часу міліцыянта ў адстаўцы ўжо двойчы асуджалі на 15 сутак.

На другім судзе ён пасьпеў заявіць пра нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў менскім ізалятары на Акрэсьціна. Сваякі хочуць зьвярнуцца ў ААН па факце катаваньняў, піша Tut.by.

Па матэрыялах адміністрацыйнай справы, затрыманьне 11 кастрычніка адбылося ў раёне гасьцініцы «Плянэта». Як паказаў сьведка-міліцыянт Бельскі, Маслоўскі прыняў удзел у шэсьці групы людзей, пазначаных бел-чырвона-белай сымболікай, і выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь!».

Справу разглядала судзьдзя Савецкага суду Марына Фёдарава, якая прысудзіла міліцыянту ў адстаўцы 15 дзён арышту. На наступны дзень пасьля суду Маслоўскага адвезьлі ў шпіталь з падазрэньнем на інсульт і сьлядамі зьбіваньня. Сваякоў да яго не пусьцілі, патлумачыўшы нядопуск пандэміяй.

«Відавочцы распавялі, што ў ізалятары да яго адразу было асаблівае стаўленьне, таму што ён сказаў, што служыў у міліцыі», — расказала дачка Маслоўскага Вольга.

Намесьніца галоўнага лекара шпіталя МУС Алена Багрова адзначыла, што Маслоўскі паведаміў хірургу, што «11 кастрычніка быў зьбіты невядомымі асобамі ў масках». Але праз тры дні ў шпіталі яго вярнулі ў ізалятар на Акрэсьціна.

26 кастрычніка Маслоўскага затрымалі ў другі раз. Прычым у пратаколе напісалі, што затрыманьне адбылося на завулку Якуба Коласа, 9, у 15:50, хаця гэта знаходзіцца амаль за 10 км ад ізалятару на Акрэсьціна, адкуль Маслоўскі павінен быў выйсьці толькі за 10 хвілін за пазначанага ў пратаколе часу затрыманьня.

Паводле артыкулу 23.4 («Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўніка ўнутраных спраў») Сяргея Маслоўскага асудзілі яшчэ на 15 дзён арышту пры ўдзеле судзьдзі і сьведкі, якія былі і ў першым судзе.

Але Маслоўскі пасьпеў распавесьці на судзе пра тое, што папярэднія два тыдні амаль цалкам правёў у карцэры. Паводле словаў Вольгі, да яе бацькі не пускаюць адваката. Сваякі маюць намер зьвярнуцца ў Камітэт супраць катаваньняў ААН.

Раней пра катаваньні на Акрэсьціна заяўляў яшчэ адзін колішні міліцыянт Дзьмітры Кулакоўскі. На знак пратэсту супраць утрыманьня яго ў карцэры ён праглынуў некалькі мэталічных прадметаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG