Лукашэнка: «Гарантую вам новыя выбары. Тады, калі вы прымеце рашэньне»

Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці трэцяй лініі менскага мэтро. 6 лістапада.

На адкрыцьці новых станцый менскага мэтро Аляксандар Лукашэнка паабяцаў правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і назваў для гэтага ўмову.

Пра гэта паведаміў блізкі да яго тэлеграм-канал «Пул первого». Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што ў краіне адбудзецца новае галасаваньне, але з пэўнай умовай.

«Ну, і на злобу дня. Некаторыя ад нас патрабуюць новыя выбары. Гарантую вам новыя выбары. Тады, калі вы прымеце рашэньне. Гарантую».

Пры гэтым Лукашэнка спаслаўся на заявы прадстаўнікоў заходніх дзяржаў па сытуацыі ў Беларусі:

«Немцы ўчора заклапаціліся, аж у парлямэнце сваім прынялі рашэньне для нас, беларусаў. Вы спачатку там у сябе разьбярыцеся. У Польшчы разьбярыцеся — яна бліжэй. І самае галоўнае: ці запатрабуюць яны ад амэрыканцаў правесьці новыя паўторныя выбары. Вось я пагляджу, як немцы запатрабуюць ад амэрыканцаў правесьці новыя выбары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бундэстаг прапанаваў ураду Нямеччыны плян падтрымкі Беларусі. Што ў гэтым пляне

Новых свабодных і справядлівых выбараў ад уладаў Беларусі патрабуюць экс-кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская, якая не прызнала паразу на выбарах 9 жніўня, Каардынацыйная рада, якая заклікае да перамоваў аб новых выбарах, апазыцыйныя партыі і рухі. З патрабаваньнем новых выбараў трэці месяц у Беларусі адбываюцца масавыя акцыі пратэсту і страйкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі беларускія ўлады спыніць ціск на апазыцыю і правесьці новыя выбары

Новыя выбары як выйсьце з палітычнага крызісу прапануюць АБСЭ, іншыя міжнародныя арганізацыі і замежныя краіны, якія не прызналі Аляксандра Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам Беларусі.