У некалькіх гарадах ЗША пачаліся пратэсты і беспарадкі з прычыны выбараў. У Портлэнд увядуць Нацгвардыю

У Портлэндзе вечарам 4 лістапада.

У горадзе Портлэнд, штат Орэган, уначы 4 лістапада пачаліся пратэсты, якія перарасьлі ў беспарадкі. Дэманстранты пачалі біць вокны крамаў, рэстаранаў, разьбілі акно ў царкве, кідалі прадметы ў паліцыянтаў і выкарыстоўвалі кактэйлі Молатава.

Як галасуюць на выбарах у ЗША. Абнаўляецца

Як паведаміў офіс шэрыфа акругі Малтнома, за ноч арыштавалі 11 чалавек, у якіх знайшлі зброю і запальныя сумесі.

Губэрнатар Орэгану Кейт Браўн накіравала ў Портлэнд Нацгвардыю для дапамогі паліцыі. Паліцыя таксама папярэдзіла, што мае права выкарыстоўваць сьлезацечны газ і іншыя спэцсродкі для разгону натоўпу.

Беспарадкі таксама адбыліся ў Нью-Ёрку: там паліцыя паведаміла, што затрымана ня менш як 20 чалавек. Паводле словаў праваахоўнікаў, пратэстоўцы перакульвалі сьмецьцевыя бакі на Мангэтане, блякавалі рух транспарту і кідалі бутэлькі ў афіцэраў паліцыі.

«Мы падтрымліваем права кожнага на выказваньне сваёй думкі, але ня будзем цярпець падпалы, якія ставяць жыцьцё людзей у небясьпеку», — заявілі ў сацсетках прадстаўнікі паліцыі Нью-Ёрку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША расьце напружанасьць, пераможца выбараў дагэтуль невядомы

Пратэсты таксама прайшлі ў Філадэлфіі (штат Пэнсыльванія): у гэтым штаце дагэтуль працягваецца падлік галасоў на выбарах прэзыдэнта, а прадстаўнікі штабу Дональда Трампа патрабуюць галасы пералічыць. Пратэстоўцы скандавалі лёзунгі як супраць патрабаваньняў Трампа, так і ў падтрымку руху Black Lives Matter. Яны выкрыквалі імёны людзей, забітых паліцыянтамі, і патрабавалі выдзяляць больш грошай не на паліцыю, а на сацыяльныя праекты.

  • Трэцяга лістапада ў Злучаных Штатах прайшлі выбары прэзыдэнта, а таксама выбары ў Кангрэс. Падлік выбарчых бюлетэняў працягваецца другі дзень. Паводле стану на раніцу 5 лістапада лідзіруе кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн. Зыход выбараў залежыць ад вынікаў у некалькіх ключавых штатах — Арызоне, Джорджыі, Пэнсыльваніі і Нэвадзе.
  • За некалькі дзён да выбараў уладальнікі крамаў і рэстаранаў у Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе, Вашынгтоне і іншых гарадах, баючыся пратэстаў, пачалі забіваць вітрыны шчытамі фанэры, каб пратэстоўцы ня білі шкло. Гэтыя асьцярогі былі зьвязаныя з пратэстамі левых актывістаў і прыхільнікаў руху Black Lives Matter, якія масава адбываліся летам ва ўсіх пералічаных гарадах.
  • Тады паліцыя, як правіла, не выкарыстоўвала жорсткіх мэтадаў для разгону пратэстаў, накіраваных, сярод іншага, супраць палітыкі прэзыдэнта Дональда Трампа. Аднак цяперашнія заявы праваахоўных органаў Нью-Ёрку і Орэгану паказваюць, што пасьля выбараў падыход сілавікоў і ўладаў да пратэстоўцаў зьмяніўся.