Ініцыятыва «Честные люди» запусьціла чат-бот, які дае дзяржслужачым магчымасьць выказацца пра сытуацыю ў краіне. За 7 дзён прыйшло 8 тысяч адказаў. Што напісалі?
Чат-бот працаваў ананімна. Дзяржслужачым, якія выказвалі свой погляд на бягучую сытуацыю ў краіне, прапаноўвалі пазначыць, якую галіну ўлады яны прадстаўляюць і зь якой яны мясцовасьці.
Адкуль чыноўнікі
Вось так выглядае геаграфія адказаў:
- Менск — 1107
- Берасьцейская вобласьць — 158
- Гарадзенская вобласьць — 208
- Віцебская вобласьць — 143
- Гомельская вобласьць — 137
- Менская вобласьць — 278
- Магілёўская вобласьць — 131
Дзе і кім яны працуюць
Чыноўнікам таксама прапанавалі адказаць, якую галіну ўлады яны прадстаўляюць. На гэтае пытаньне, а таксама на пытаньне аб пасадзе адказалі ня ўсе.
Заканадаўчая — 52
Выканаўчая — 405
Мясцовыя саветы — 33
Органы кантролю — 177
Судовая — 58
Сярод тых, хто ўказаў пасаду:
Галоўны/вядучы спэцыяліст — 437
Кіраўнік ці намесьнік кіраўніка — 157
Кіраўнік ці намесьнік кіраўніка падразьдзяленьня — 331
Сакратар — 48
Спэцыяліст — 896
Што напісалі чыноўнікі
Чыноўнікі маглі таксама адзначыць, чаму зьвярнуліся ў чат-бот. Сярод папулярных прычын:
- Немагчымасьць выказаць сваю пазыцыю
- Гвалт і хлусьня ў краіне
- Фальсыфікацыя выбараў
- Беззаконьне ў краіне
- Сваякі пацярпелі ад рэпрэсій
- Пачуцьцё справядлівасьці
Ініцыятары праекту прыводзяць і некаторыя цытаты тых дзяржслужачых, якія напісалі ў чат-бот. Многія зь іх вельмі эмацыйныя.
- «Палітычны крызіс можна вырашыць толькі шляхам адкрытага і сумленнага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, але дыялёгу няма. А гэта вядзе да катастрофы».
- «У краіне суцэльная хлусьня, беззаконьне, несправядлівасьць. Хочацца жыць у краіне, дзе можна казаць праўду, дзе кіраўніцтва ня хлусіць, дзе людзей не зьбіваюць (і нават забіваюць) за тое, што яны проста з чымсьці ня згодныя, дзе людзей ня садзяць сотнямі ў турму за выказваньне сваёй пазыцыі. Несправядлівасьць прыгнятае... Кожны дзень думаю, чаму так усё жаласна???? Цяжка на душы!!!!»
- «Ня згодзен з прававой ацэнкай падзей, якія адбываюцца, з пазыцыі сілавога блёку, лічу дзеяньні кіраўніцтва краіны злачыннымі і шкоднымі для эканомікі краіны, асобных людзей і нацыі ў цэлым».
- «Мой голас таксама скралі. Мяне таксама праганялі ад выбарчага ўчастка. Мяне таксама праганялі з плошчы крыкам у мэгафон аб тым, што я парушаю закон тым, што прыйшоў на плошчу ў маім горадзе».
Але ініцыятары апытаньня прыводзяць і альтэрнатыўныя думкі. Некаторыя напісалі, што «змагары разваляць эканоміку» і што «ўсім незадаволеным варта ехаць з краіны».
Цяпер у Беларусі каля 100 тысяч чыноўнікаў, якія прадстаўляюць розныя галіны ўлады.
Уся інфармацыя паводле плятформы «Честные люди».