Работнікаў Горацкіх ачышчальных збудаваньняў Валера Пасікава і Аляксандра Касуху фармальна звольнілі «паводле згоды бакоў». Самі яны лічаць, што прычынай стаў відэазварот, які яны запісалі, каб падтрымаць суайчыньнікаў, якія бароняць свае правы, дамагаюцца правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў ды асуджаюць гвалт.
28 кастрычніка Горацкі раённы суд палічыў запіс гэтага звароту несанкцыянаваным пікетаваньнем. Пасікаву і Касуху прысудзілі штраф, а суаўтарам звароту Валянціну Басу і Сяргею Крушаву — арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваім «суткі», дваім штраф. На Магілёўшчыне «разабраліся» з працаўнікамі за палітычны відэазваротМы ўсьведамлялі наступствы
Як апавядаюць Пасікаў і Касуха, звольнілі іх 30 кастрычніка. З гутарак з начальствам яны зразумелі, што ініцыятыва аб спыненьні працоўных адносінаў сыходзіць ад кіраўніцтва вобласьці.
60-гадовы Валер Пасікаў рабіў апэратарам помпавых установак дзесяць гадоў. Праз два гады зьбіраўся на пэнсію. Кажа, што пасьля звальненьня за палітыку ў Горках яму работы не знайсьці.
«На ўсіх нас цяпер стаіць чорная метка, — лічыць ён. — Перад здыманьнем відэа сваім таварышам я казаў, што мы падпісваем сабе абходныя лісты. Мы ўсьведамлялі наступствы. На судзе нас вінавацілі, што мы выступілі ад імя працоўнага калектыву. З тымі, хто сядзіць, абыдуцца гэтак жа, як толькі іх выпусьцяць».
«Вінавацілі, што праз нас цярпяць ні ў чым не вінаватыя іншыя супрацоўнікі прадпрыемства»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе падтрымліваюць страйкоўцаў, але самі баяцца». Што адбываецца на прадпрыемствах, дзе былі забастоўкі54-гадовы Аляксандар Касуха на прадпрыемстве адрабіў 14 гадоў. Ён кажа, што перад напісаньнем заявы на звальненьне яго «псыхалягічна апрацоўвала начальства з усіх бакоў». Спачатку зь ім гутарыла непасрэднае кіраўніцтва, а потым начальства галаўнога прадпрыемства «Магілёўгарвадаканал».
Паводле суразмоўцы яго дапікалі тым, што «празь іхны ўчынак церпяць ні ў чым не вінаватыя іншыя супрацоўнікі прадпрыемства», у прыватнасьці ідэоляг і старшыня прафсаюзнай арганізацыі.
Выпытвалі, чаму для запісу відэазвароту яны абралі тэрыторыю прадпрыемства.
«Я адказваў, што выступіў супраць несправядлівасьці, якая пануе ў краіне. Прызнаўся, што быў на эмоцыях, — адзначае Аляксандар. — Я дапускаў, што мяне могуць звольніць, але ёсьць людзі, якія болей за мяне фізычна і маральна пакутуюць.
На канапе перажываць ня мог. Ні пра што не шкадую і да ўсяго гатовы».
Паводле суразмоўцаў, пасьля іхнага звароту звольнілі і начальніцу ўчастка. Жанчына рабіла, быўшы пэнсіянэркай.
На ачышчальных збудаваньнях у Горках працуе 10 чалавек. Зараблялі па 500 рублёў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Гэтае лета мяне разбудзіла“