За тыдзень, што прайшоў пасьля завяршэньня ўльтыматуму Сьвятланы Ціханоўскай, паведамленьні пра далучэньне да страйкаў прыходзілі з прадпрыемстваў усёй краіны. Найбольш масавымі яны былі ў Горадні, дзе баставалі рабочыя «Гродна Азоту». На суботу 31 кастрычніка ў абласным цэнтры прызначаная чарговая акцыя пратэсту рабочых гэтага прадпрыемства. Свабода сабрала зьвесткі зь іншых заводаў Беларусі, дзе на тыдні баставалі супрацоўнікі.
МТЗ
Як расказаў Свабодзе адзін з рабочых трактарнага заводу, за тыдзень актыўнасьць страйкоўцаў амаль зьнікла.
«Трох ці чатырох чалавек звольнілі за гэты тыдзень, — кажа суразмоўца. — І працягваюць. Вось літаральна ўчора падыходзіў да мяне хлопец. Перажывае, што яго таксама звольняць і ён яшчэ ў дадатак інтэрнат страціць. Яго ўжо выклікалі пісаць паперу намесьніку дырэктара. У панядзелак яму зноў ісьці да начальства, ня ведаю, што яму скажуць. Але рыхтуецца да звальненьня. Гэта ўсё праз той паход па цэхах і скандаваньне „Далучайся да забастоўкі“».
Паводле рабочага, людзі падзяляюць патрабаваньні агульнанацыянальнага страйку, аднак іх непакояць рэпрэсіі з боку кіраўніцтва МТЗ
«Хлусіць ня буду — людзі баяцца, — кажа ён. — Людзей запалохалі так, што ніхто ня робіць больш рухаў. Не пачаў працаваць на працягу некалькіх гадзінаў — прагул, і да пабачэньня. Таму людзі пакуль не бастуюць. Як працавалі, так і працуюць. Я хадзіў па цэхах, размаўляў з рабочымі. Усе падтрымліваюць страйкоўцаў, але самі баяцца зараз».
«Інтэграл»
Пра тое, што некаторыя рабочыя менскага заводу «Інтэграл» далучыліся да забастоўкі, стала вядома ў панядзелак. Як расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства, за тыдзень амаль усе яны былі звольненыя.
«На тыдні звальнялі рэшту з тых, хто выйшаў у панядзелак, — кажа суразмоўца. — Нават цяжка сказаць, колькі ўсяго звольнілі. Па стане на сераду было вядома пра пяць чалавек. Зараз, думаю, чалавек 10 ужо звольнена. Кожны дзень нехта новы зьяўляецца, мы ўжо самі зьбіліся з падлікаў».
Новых пратэстаў на «Інтэграле» пасьля панядзелка 26 кастрычніка не было.
БМЗ
31 кастрычніка стала вядома пра далучэньне да забастоўкі сьлесара-рамонтніка Беларускага мэталюргічнага заводу Зьмітра Дубарэнкі. Ён напісаў заяву пра забастоўку на імя гендырэктара БМЗ, у якой патрабуе спыніць ціск на тых рабочых завода, якія адкрыта выказваюць незадаволенасьць сытуацыяй у краіне, правесьці новыя выбары, вызваліць палітычных зьняволеных, а таксама аднавіць на працы тых рабочых БМЗ, якія былі звольненыя за ўдзел у забастоўцы раней.
Забастоўку Дубарэнка плянуе працягваць да моманту выкананьня ўсіх патрабаваньняў. Гэта ўжо трэці рабочы БМЗ, які абвясьціў аб страйку пасьля 26 кастрычніка.