Зьезьдзілі на памежны пераход «Брузгі-Кузьніца» і паглядзелі, што там адбываецца пасьля закрыцьця мяжы. Выехаць зь Беларусі не рызыкавалі — на мяжы не далі гарантыяў, што пусьцяць дадому.
Удзень 30 кастрычніка беларуска-польская мяжа яшчэ больш пустая, чым апошнія паўгода — ад пачатку каранавірусу, калі праз прымусовы карантын многія страцілі працу або крыніцу дадатковага прыбытку. Стаіць некалькі фураў, праяжджаюць рэдкія легкавушкі.
Напярэдадні беларусы сталі паведамляць, што ня могуць уехаць на тэрыторыю Беларусі. Прыкладна чатыры гадзіны мяжа была закрытая. Потым людзі ўсё ж трапілі дадому.
Дзьверы ў офіс страхавых кампаній зачыненыя на замок. Вісіць абвестка, што варта пастукаць, каб адкрылі. Наведвальнікаў вобмаль.
«За дзень зайшоў адзін чалавек», — кажа страхавы агент.
Чэргі ў Польшчу зьніклі яшчэ ў сакавіку. Мяжа часова ажыла ў жніўні-верасьні, калі аслабілі карантынныя захады, а за дзень можна было зьезьдзіць у Кузьніцу і вярнуцца. Тады прыдаліся і ровары, якія цяпер зноў стаяць перад памежным пераходам прычэпленыя адзін да аднаго, быццам вялікія кусты.
«Калі вярнуўся абавязковы карантын, мяжа зноў апусьцела. А пасьля ўчорашняга зусім нікога», — тлумачыць агент страхавой кампаніі.
Заробкі за паўгода ў іх упалі больш чым напалову. Дзесяць кліентаў за дзень — ужо раскоша. Зачыненая крама, дзе прадавалі папулярныя ў Польшчы беларускія цыгарэты.
На пераход уяжджае чорны Mercedes Benz, яго хутка прапускаюць. За ім пад’яжджае Volkswagen Touareg зь вялікай колькасьцю нулёў на нумарным знаку. Пасьля гутаркі з памежнікам разварочваецца і зьяжджае, але празь нейкі час вяртаецца і пасьпяхова перасякае мяжу. Прапускаюць туды і прыватны мікрааўтобус.
Аднак памежнік, які першым сустракае транспарт, не гатовы абяцаць, што кіроўца і пасажыры вернуцца на радзіму бліжэйшым часам — надта хутка ўсё мяняецца.
«Вы разумееце, кожны раз прымаюцца індывідуальныя рашэньні па ўезьдзе ў Рэспубліку Беларусь. Мала што, усё памяняецца. Таму я нічога не магу сказаць. На дадзены момант прапускаюць», — тлумачыць ён.
Удакладняе, што пускаюць толькі беларусаў, замежнікаў — не.
З Польшчы вяртаюцца пераважна таксама вялікагрузы. Дальнабойнікам ня трэба адбываць карантын. Закрыцьця мяжы напярэдадні яны амаль не заўважылі. Сытуацыя нікога не напужала настолькі, каб пераносіць плянавыя рэйсы.
«Мы міжнароднікі, мы нічога ня ведаем. Нас заўжды пускаюць, не пускалі толькі легкавыя. Былі чуткі, нібыта нікога не пускаюць, а потым сталі пускаць, ды ўсё. На гэтым усё спакойна. Мы нічога ня ведаем, мы ўвесь час у кабіне», — коратка адказвае кіроўца фуры.
«Я чуў, што нейкую мытную сыстэму мянялі, таму 3–4 гадзіны чакалі. Больш варыянтаў я ня чуў. Прыемна пагаварыць, але час», — спакойна адказвае яшчэ адзін дальнабойнік, які вяртаецца зь Нямеччыны, і сядае за стырно.
«Нам трэба ехаць, мы сьпяшаемся», — заканчвае гутарку мажны дальнабойнік і таксама зьяжджае.
29 кастрычніка зьявілася інфармацыя, што беларусы ня могуць вярнуцца ў краіну з Польшчы, Літвы, Латвіі і Ўкраіны. У Памежным камітэце паведамілі https://t.me/gpkgovby/271, што часова абмежаваны ўезд праз наземныя пераходы некаторых груп людзей. Пры гэтым пускалі дыпляматаў, перавозчыкаў грузаў, пэрсанал цягнікоў. Пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» працаваў у звычайным рэжыме. Прыкладна праз чатыры гадзіны беларусаў зноў пачалі пускаць на тэрыторыю Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ня могуць вярнуцца празь мяжу дадому. Што адбываецца?