У другой палове дня 29 кастрычніка ў сацсетках зьявіліся зьвесткі аб закрыцьці мяжы з Польшчай, Літвой і Ўкраінай — беларусы масава скардзяцца, што ня могуць вярнуцца на радзіму.
«На жаль, сапраўды, мяжа цяпер закрытая, — сказаў Onliner апэратыўны дзяжурны аднаго з пунктаў пропуску Горадзенскай памежнай службы. — Для многіх гэта было нечаканасьцю, у тым ліку для нас. Ніхто не чакаў. Не хвалюйцеся, гэта ніякае не ваеннае становішча. Прычына ў COVID-19. Які бок стаў ініцыятарам, не магу сказаць».
Пазьней на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту зьявілася абвестка, што «шэраг сумежных пунктаў пропуску ва ўмовах COVID-19 не функцыянуе».
Раней беларускія ўлады называлі каранавірус «псыхозам» і ніякіх захадаў, каб абмежаваць трансгранічнае перасоўваньне, не рабілі.
«Грамадзянаў Беларусі не пускаюць беларускія памежнікі, аніякіх тлумачэньняў. Літоўцы выпусьцілі, а беларусы не пускаюць. Стаю тут з 12-й гадзіны», — паведаміў Свабодзе чытач, які заехаў на нэўтральную зону паміж беларускай і літоўскай мяжой на Каменным Лагу.
Пра аналягічную карціну расказваюць беларусы на мяжы з Польшчай і Латвіяй: далей за нэўтральную паласу ў бок Беларусі руху няма. Колькі часу працягнецца абмежаваньне на ўезд, памежнікі не камэнтуюць.
Шмат беларусаў захрасла на мяжы з Украінай. Транзытныя пасажыры з аэрапорту ў Барыспалі расказалі Свабодзе, што сталі стопарам у Новай Гуце, не пускаюць дадому без тлумачэньня прычыны. Фуры пры гэтым праяжджаюць.
Выглядае, што пакуль для беларусаў адкрытая толькі паветраная мяжа. У Нацыянальным аэрапорце Свабодзе паведамілі, што самалёты прызямляюцца паводле раскладу, ніякіх абмежаваньняў для пасажыраў няма.
Лукашэнка даручыў умацаваць межы
Раней агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка даручыў умацаваць межы з Польшчай, краінамі Балтыі і Ўкраінай, але «не рабіць (мяжу) жалезнай заслонай».
Ён гэта аргумэнтаваў тым, што Беларусі «кінулі выклік».
«Нам трэба сёньня яшчэ раз паглядзець, мы многае зрабілі, калі я гаварыў: мы павінны закрыць мяжу. Закрыць мяжу — не зрабіць яе жалезнай заслонай, гэта нікому не патрэбна. Мяжа — гэта зона дружбы народаў. Вы бачыце, нам кінулі выклік. Якая тут дружба... Але народы не вінаватыя», — заявіў Лукашэнка.