«У самалёце нумар 1 усяго 50 месцаў, нават ня ўсе генэралы туды пасьпеюць дабегчы», — Паротнікаў

Скрынштот з тэлеграм-каналу "Пул Первого". Лукашэнка сустракаецца з сілавікамі.

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў аналізуе апошнія перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структураў, заяўляе, што Караеў, гледзячы па ягоных заявах, нікуды не зьбіраўся сыходзіць, і кажа, што раздача зброі — гэта прамы крок да грамадзянскай вайны.

Сьцісла:

  • Караеў зрабіў вельмі шмат заяваў, якія сьведчылі, што ён не зьбіраўся нікуды сыходзіць, плянаваў працаваць далей на пасадзе міністра
  • Мітусьня з прызначэньнямі дэманструе разгубленасьць улады
  • У Лукашэнкі абвастрыліся ранейшыя падазрэньні, што чыноўнікі спрабуюць яго падмануць і ім маніпуляваць.
  • Людзі, якія накіроўваюцца ў рэгіёны, будуць выконваць функцыі генэрал-губэрнатараў — наглядчыкамі за мясцовым чынавенствам.

— Як бы вы патлумачылі апошнія перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структураў? Аглядальнікі даюць дзьве розныя вэрсіі — паводле адной, гэта азначае пэўную зьмену ў паводзінах сілавікоў, паводле другой — перамены ў кіраўніцтве розных структураў у Беларусі нічога кардынальнага не вырашаюць.

— Ніякіх зьменаў у стаўленьні да пратэстаў ня будзе, бо гэтае стаўленьне вызначае адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка. І ён шчыра лічыць, што людзі, якія выходзяць на вуліцы з патрабаваньнем правоў, гэта злачынцы, альбо дурні, альбо замежныя агенты. Такая ў яго карціна сьвету.

Андрэй Паротнікаў

Але я хачу зьвярнуць увагу на вельмі дзіўныя фармулёўкі гэтых перастановак. Вакульчык — ён яшчэ дзяржсакратар Рады Бясьпекі ці ўжо не? Барсукоў яшчэ намесьнік міністра ўнутраных спраў? Бо замест іх, на іхнія пасады ніхто не прызначаны, і няма афіцыйнай інфармацыі, што яны гэтыя пасады вызвалілі. Таму ёсьць адчуваньне, што гэтыя кадравыя рашэньні прымаліся зьнянацку і нават не аформленыя як мае быць.

— Папярэдні міністар унутраных спраў Караеў за апошнія месяцы зарабіў сабе вельмі моцную нэгатыўную рэпутацыю сваімі дзеяньнямі і заявамі. Ці мае шанец новы міністар Курбакоў трошкі па-іншаму паводзіць сябе на гэтай пасадзе ці хаця б ствараць сабе не настолькі адмоўны імідж?

— Сапраўды, літаральна за дзень да свайго адхіленьня з пасады міністра Караеў зрабіў вельмі шмат заяваў, якія сьведчылі, што ён не зьбіраўся нікуды сыходзіць, плянаваў працаваць далей на пасадзе міністра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Караева памянялі на Кубракова?

Другі момант. І Караеў, і Барсукоў сапраўды маюць вельмі, мякка кажучы, неадназначную рэпутацыю, і шмат для каго ў Беларусі яны раздражняльнікі, бо іх успрымаюць як непасрэдных выканаўцаў тых карных акцыяў, якія адбываліся апошнія тры месяцы. Пасада міністра — гэта публічная пасада. А пасада памочніка і інспэктара — гэта ўсё ж бюракратычная адміністрацыйная пасада, дзейнасьць такіх чыноўнікаў збольшага па-за ўвагай грамадзкасьці. Таму я прытрымліваюся думкі, што прызначэньне Караева і Барсукова сьведчыць, што гэтыя людзі занадта адыёзныя, каб далей заставацца на такіх публічных месцах, і іх перамяшчаюць, каб прыбраць з інфармацыйнай прасторы.

Дзеля чаго? Адзіная вэрсія, што Лукашэнка не выключае нейкай формы дыялёгу, і гэта нейкая падрыхтоўка да такога працэсу. Лукашэнка прыбірае з дошкі фігуры, якія найбольш нэгатыўна ўспрымаюцца грамадзтвам.

— У беларускай уладнай сыстэме, якая хваліцца сваёй стабільнасьцю, апошнім часам надта часта адбываюцца перастаноўкі ў сілавых структурах. Пра што гэта кажа — такая нетыповая для гэтай сыстэмы частая зьмена сілавікоў на найвышэйшых пасадах?

— Сыстэма працуе ў рэжыме мабілізацыі ўнутраных рэсурсаў. Зь іншага боку, мітусьня з прызначэньнямі дэманструе разгубленасьць рэжыму. Яны прагназавалі пратэсты і рыхтаваліся да іх. Але яны не былі падрыхтаваныя да такога маштабнага і такога шматузроўневага палітычнага крызісу, які празь некалькі месяцаў будзе паглыблены і фінансава-эканамічным крызісам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта нагадвае 1945 год у Нямеччыне — усе разумеюць, што гэта апошнія дні рэжыму, але працягваюць працаваць», — Баркоўскі

Таму гэта спроба мабілізаваць дзяржаўны апарат, гэта рэакцыя на новыя для рэжыму выклікі.

Трэба таксама зьвярнуць увагу на тыя функцыі, якія будуць выконваць новыя прызначэнцы. Гэта ня толькі рэпрэсіўныя акцыі, але і кантроль за дзяржапаратам. Цалкам верагодна, што вынікі дзейнасьці дзяржаўнага апарату цалкам не задавальняюць Лукашэнку, альбо абвастрыліся ягоныя ранейшыя падазрэньні, што чыноўнікі спрабуюць яго падмануць і ім маніпуляваць. Фактычна гэтыя людзі, якія накіроўваюцца ў рэгіёны, будуць выконваць функцыі генэрал-губэрнатараў — наглядчыкаў за мясцовым чынавенствам.

— Некаторыя новыя заявы Лукашэнкі і дзеяньні ўлады прымусілі грамадзтва задацца пытаньнем — «а што гэта было?». На некалькі гадзін была зачыненая беларуская мяжа, і грамадзян Беларусі не пускалі ў краіну. Таксама Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць стварэньня ўзброеных дружынаў. Гэта проста раскаты псыхалягічнай вайны ці ўлада ўсур’ёз разглядае і такія варыянты?

— Той факт, што пасьля гэтай заявы межы былі зачыненыя для беларусаў цягам некалькіх гадзін, у парушэньне ўсіх законаў і Канстытуцыі Беларусі — сьведчыць пра высокую ступень нэрвовасьці ўнутры дзяржаўнага апарату. Калі яны дзейнічаюць ня згодна з законамі, а згодна зь нейкімі вуснымі прамовамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Другі момант — дружыны. Адстаўнікоў, пэнсіянэраў сілавога блёку ня менш за сто тысяч у Беларусі, каля мільярда рублёў зьядаюць толькі пэнсіі для іх. А колькі ўдалося сабраць гэтых адстаўнікоў на мітынг у падтрымку Лукашэнкі? Іх нават тысячы не сабралася, некалькі сотняў. І гэта збольшага людзі, якія залежныя, бо працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах альбо чыноўнікамі. Так што нават сярод вэтэранаў сілавога блёку няма падтрымкі дзеяньняў уладаў.

І што значыць — раздаць зброю? Як вы праверыце ляяльнасьць гэтых людзей? Няма ніякай гарантыі, што тыя вэтэраны, якія настроеныя апазыцыйна, проста атрымаюць зброю і на ўсялякі выпадак прыхаваюць яе пры сабе. Раздача зброі — гэта крок наўпрост да грамадзянскай вайны.

— У грамадзтве цяпер ідуць часам публічныя, часам схаваныя дыскусіі наконт стратэгіі мірнага пратэсту. Многія людзі лічаць, што трэба больш радыкальна адказваць на поўнае беззаконьне сілавых структураў. Якая палітычная пэрспэктыва ў радыкалізацыі пэўнай часткі пратэстоўцаў? І як на гэта могуць адказаць сілавікі?

— Актыў пратэсту — гэта каля 200 тысяч чалавек. Безумоўна, гэта шырокая кааліцыя, у якой ёсьць самыя розныя погляды і людзі. Але большасьць пратэстоўцаў прытрымліваецца стратэгіі неўжываньня гвалту першымі. Калі радыкалізацыя адбудзецца масава, гэта можа разьвязаць рэжыму рукі для выкарыстаньня брутальнай узброенай сілы, каб зрабіць тут аналяг Паўночнай Карэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаюць асноўныя апоры. Чаму Лукашэнка чарговы раз памяняў сілавікоў

Для іх гэта будзе зручная сытуацыя, бо, па-першае, яны змогуць выкарыстаць сваю тэхнічную і вайсковую перавагу. Па-другое, Расея ня зможа так ціснуць на беларускі рэжым, як цяпер, бо Маскве трэба будзе вызначацца — альбо вы за пратэстоўцаў, альбо за рэжым. І ў такім выпадку пры ўмовах збройнай фазы супрацьстаяньня Крэмль падтрымае менавіта рэжым.

Калі пачынаецца збройнае супрацьстаяньне, то палітычныя і прававыя моманты адыходзяць на другі плян. Легітымны бок — той, у каго ёсьць аўтамат. І больш аўтаматаў будзе ў рэжыму. Таму пераход да асабістага гвалту ў адносінах да прадстаўнікоў рэжыму быў бы вялікай памылкай, хоць вельмі шмат людзей хочуць аднаўленьня справядлівасьці.

— Пакуль мы бачым толькі адзінкавыя выпадкі, калі сілавікі сыходзяць са сваіх структураў. Ці можна сказаць, што за апошнія месяцы сілавыя структуры набылі абрысы нейкага ордэна, які стаіць па-за законам, якому ўсё дазволена «дзеля вялікай мэты»?

— Мы бачым толькі некаторыя публічныя выпадкі сыходу з гэтых структураў. Але мы ня ведаем, які ідзе адток кадраў у сувязі з тым, што людзі не працягваюць кантракты. Па ўскоснай рэакцыі ўлады можна зразумець, што праблема ляяльнасьці і ўстойлівасьці ў сыстэме МУС уладу вельмі турбуе.

Была вельмі гістэрычная рэакцыя таго ж Караева адносна людзей, якія сыходзілі з МУС, была ягоная заява, што ён амаль угаворвае міліцыянтаў у рэгіёнах выкарыстоўваць гвалт, ёсьць сьведчаньні зь месцаў, што рэпрэсіўныя акцыі праводзяцца фармальна, «дзеля адпіскі». То бок казаць пра ордэнскую структуру як маналіт не выпадае. Можна сьцьвярджаць, што ў сілавых структурах ёсьць шмат расколаў — як па гарызанталі, гэтак і па вэртыкалі.

І многія сілавікі, чым далей працягваюцца пратэсты, тым болей імкнуцца пазьбегнуць актыўнага ўдзелу ў іх падаўленьні. Разумеючы, што сытуацыя можа зьмяніцца ў любы момант. А ў самалёце нумар 1 усяго 50 месцаў, нават ня ўсе генэралы туды пасьпеюць дабегчы. А ім тут заставацца жыць.