Работнікі Горацкіх ачышчальных збудаваньняў Валянцін Бас, Аляксандар Касуха, Валер Пасікаў, Сяргей Крушаў у відэазавароце падтрымалі суайчыньнікаў, якія бароняць свае правы, дамагаюцца правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ды асуджаюць гвалт. Іх адразу і асудзілі.
«Мы адзіны народ, які жадае стабільнасьці, заснаванай на законнасьці і дэмакратыі, а не на ўзурпацыі ўлады і пагардзе да Канстытуцыі», — даводзяць яны.
Судзілі работнікаў у ізалятары ў канцы працоўнага дня
Затрымалі супрацоўнікаў горацкага прадпрыемства 27 кастрычніка, калі іхны зварот быў растыражаваны незалежнымі мэдыя і сацыяльнымі сеткамі. У мясцовым ізалятары мужчын трымалі дзень. 28-га іхныя родзічы, а таксама неабыякавыя жыхары райцэнтру спрабавалі дазнацца ў аддзеле міліцыі, што чакае затрыманых, але марна. У судзе журналісту казалі, што справы на іх не разглядаліся, а ў канцы працоўнага дня сталі судзіць у ізалятары.
У Горацкім раённым судзе паведамілі, што герояў відэазвароту прызналі вінаватымі ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
- Валянціна Баса асудзілі на 7 сутак,
- Сяргея Крушава — на 15.
- Валера Пасікава аштрафавалі на 540 рублёў,
- Аляксандра Касуху — на 675 рублёў.
Разам з работнікамі прадпрыемства пабываў у міліцыі і сын Сяргея Крушава Андрэй, які мантаваў зварот. Яго адпусьцілі пасьля прафіляктычнай гутаркі.
Адзін з асуджаных: «абвінавачаньне — падман»
54-гадовы Аляксандар Касуха кажа, што да перасьледу за зварот быў гатовы і ведаў, што «апынецца ў міліцыі». Там не падпісваў пратаколаў, а суду заявіў, што «абвінавачаньне — падман». Паводле яго, судзьдзя казаў, што на запіс звароту, які ў матэрыяле кваліфікаваны як несанкцыянаванае пікетаваньне, трэба было браць дазвол у райвыканкаме.
«У відэазвароце сказана тое, што лічу важным», — адзначае Аляксандар.
Паводле суразмоўцы, зь ім і ягонымі калегамі да таго, як іх забралі ў міліцыю, сустракаўся кіраўнік галаўнога прадпрыемства «Магілёўгарвадаканалу» і высьвятляў, чаму яны наважыліся запісаць такі зварот.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы добры прафэсіянал, але перайшлі чырвоную рысу». У Пружанах звольнілі сацработніка, які пачаў страйк ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адпрацаваў 13 гадоў, выказаў думку — і выкінулі за плот». Чаму звальняюць страйкоўцаў на МЗКЦ