Што адбываецца на прадпрыемствах краіны на другі дзень страйку

Плякат у руках студэнткі падчас пратэсту 26 кастрычніка

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Свабода даведалася, як страйкуюць на другі дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкі і пратэсты. Што адбываецца на другі дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай

МЗКЦ

Удзельнікаў учарашняга страйку на Менскім заводзе колавых цягачоў сёньня не пускалі на тэрыторыю прадпрыемства. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з работнікаў. Ён таксама сказаў, што ўсім пагражаюць звальненьнем.

«Сёньня заблякавалі пропускі прыблізна трыццаці работнікам, — расказаў Свабодзе адзін з учорашніх страйкоўцаў. — Нас пускалі на тэрыторыю толькі з дазволу кіраўніка. Прыйшоў начальнік на прахадную і забраў рабочых асабіста. Загадалі пісаць тлумачальныя за ўчарашнія падзеі. Нехта пісаў, хтосьці адмовіўся. Трэба было тлумачыць, чаму ўчора мы адсутнічалі на працоўным месцы. Аднаго ўдзельніка страйку ўжо звольнілі. Учора Огер Павал Віктаравіч (намесьнік дырэктара МЗКЦ па кадрах і ідэалёгіі. — РС) сказаў, што нас усіх звольняць».

Па словах суразмоўцы, завадчане плянавалі працягнуць забастоўку і сёньня, аднак пасьля пагрозаў з боку кіраўніцтва ад такіх плянаў адмовіліся.

«Беларуськалій»

Як паведаміў Свабодзе сябра страйкаму «Беларуськалію» Аляксандар Курбан, 27 кастрычніка шахтары працягваюць далучацца да страйкаму.

«За першы дзень агульнанацыянальнага страйку да страйкаму „Беларуськалію“ далучыліся 7 шахтароў, — расказаў Курбан. — Сёньня, 27 кастрычніка, яшчэ 2 работнікі пайшлі на страйк».

Па словах Курбана, колькасьць страйкоўцаў за адзін дзень павялічылася на 20%, сёньня могуць далучыцца яшчэ некалькі чалавек. 26 кастрычніка каля заводаўпраўленьня прайшоў сход, у ім бралі ўдзел да 100 чалавек, паведаміў Аляксандар Курбан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідэалы і праўда даражэйшыя, чым добры заробак». Зь «Беларусьнафты» звольнілі супрацоўнікаў, якія далучыліся да страйку

Гродзенскі драмтэатар

Паводле інфармацыі Свабоды. да страйку далучыліся абодва рэжысэры драматычнага тэатру — Генадзь Мушпэрт і Сяргей Курыленка. Гэта адзіныя рэжысэры тэатру, таму яго праца фактычна спынілася. Дырэктар Ігар Гедзіч ужо прапанаваў ім напісаць заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні, рэжысэры адмовіліся. Яны патрабуюць звольніць іх паводле артыкулу. У тэатры пакуль адмененыя рэпэтыцыі і спэктаклі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два рэжысэры горадзенскага тэатру далучыліся да страйку

ВНУ Менску

Раніцай 27 кастрычніка зьвяіліся паведамленьні аб «сядзячых забастоўках» студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і БДУ. Акрамя гэтага, у тэлеграм-канале «Матолько, помоги» апублікавалі тэкст звароту 35 супрацоўнікаў БДУІР, у якім яны зьвяртаюцца да кіраўніцтва ўнівэрсытэту з паведамленьнем аб пачатку бестэрміновага страйку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцэрн «Белнафтахім» адрэагаваў на страйк на «Гродна Азоце»

«Гродна Азот»

Страйкам прадпрыемства раніцай 27 кастрычніка паведаміў, што некаторыя супрацоўнікі адмовіліся прымаць зьмену ў калег, якія працавалі ўначы. У цэху працуюць людзі, якія заступілі на працу а 20-й гадзіне 25 кастрычніка, ужо 36 гадзін запар. Пасьля іх тры зьмены бастуюць. «Аміяк-3» — адзін з ключавых цэхаў прадпрыемства.

У той жа час прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка паведамляе, што «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме. Ён заявіў, што інфармацыя ў Telegram-каналах аб прыпынку печаў на прадпрыемстве зьяўляецца правакацыяй.