«Дапамога і палітычная падтрымка беларускай рэвалюцыі — ня толькі маральны абавязак, але і вельмі рацыянальны палітычны разьлік», — кажа дзейны прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі, былы польскі прэм’ер-міністар і прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск у інтэрвію карэспандэнту RFE/RL Рыкарду Юзьвяку.
Сьцісла
- Галоўнае пытаньне ня ў тым, што мы зрабілі, а ў тым, што мы можам зрабіць сёньня і што мы будзем рабіць бліжэйшыя некалькі месяцаў і гадоў.
- Я баюся таго, што мы амаль усе перагружаныя пандэміяй. І мы павінны не дапусьціць у ЭЗ так званай «беларускай стомленасьці».
- Я пад уражаньнем ад сустрэчы зь Ціханоўскай і іншымі лідэрамі беларускай апазыцыі. У некаторым сэнсе яны вельмі рамантычныя, вельмі мужныя, нават гераічныя, і разам з тым — вельмі рэалістычныя, вельмі адказныя.
- Яны сапраўды блізкія да перамогі. Я гэта магу сказаць, абапіраючыся на свой асабісты досьвед, калі быў маладым паўстанцам у камуністычныя часы ў Польшчы. Я памятаю, наколькі эфэктыўным можа быць негвалтоўны рух. І гэта таксама фэномэн Беларусі.
«Мы маем у сваім распараджэньні так званую мяккую сілу ў дачыненьні да Лукашэнкі і ягонага рэжыму»
— Спадар Туск, вы вельмі доўга мелі справу зь Беларусьсю, з Лукашэнкам і як польскі прэмʼер-міністар, і як прэзыдэнт Эўрапейскай Рады. Як вы думаеце, ці недаацаніў яго Эўразьвяз?
— Найперш мы павінны ўсьведамляць той факт, што ў ЭЗ няма такой цьвёрдай сілы. Як вы ведаеце, мы маем у сваім распараджэньні так званую мяккую сілу ў дачыненьні да Лукашэнкі і яго рэжыму ў Беларусі. А гэта азначае, што наша роля была і ёсьць, вядома, уплываць, падтрымліваць некаторыя рэальныя рухі, людзей, НДА, паказваць, дэманстраваць, як працуюць дэмакратычныя прынцыпы, і гэтак далей.
І таму я думаю, што ў цэлым і ў ЭЗ, магу сказаць тое ж самае пра сябе як польскага прэмʼер-міністра ў 2012–13 гадах, нашай крэатыўнасьці і нашай падтрымкі, вядома, было недастаткова, заўсёды можна зрабіць больш, несумненна. Але трэба прымаць пад увагу ўсе абставіны. Найперш гэта розныя ўражлівасьці, розныя інтарэсы ўнутры ЭЗ, розныя падыходы да Расеі і гэтак далей, і калі мы можам выкарыстоўваць гэты тэрмін пра дыпляматыю ЭЗ, то нашы агульныя намаганьні, наша агульная вонкавая палітыка была адносна эфэктыўная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы шакавалі сьвет і нагадалі, што такое дэмакратыя»Я кажу пра Ўкраіну ў часы Майдану і пазьней падчас канфлікту, пра вайну на Данбасе, але таксама і пра Лукашэнку. Галоўнае пытаньне сёньня ня ў тым, што мы зрабілі, а ў тым, што мы можам зрабіць сёньня. І асабліва — я думаю, што гэта найбольш важны кантэкст, — што мы будзем рабіць у найбліжэйшыя некалькі месяцаў і гадоў.
Мы стварылі вельмі пэрспэктыўны фармат. Я маю на ўвазе «Ўсходняе партнэрства». Магчыма, гэта найлепшы прыклад палітыкі мяккай сілы. Разам з тым у нас абʼектыўна вельмі складаныя абставіны. Гэта маё першае ўражаньне, што ЭЗ, а таксама нашы нацыянальныя ўрады на нацыянальным узроўні, іх намаганьні былі вельмі ўражальныя і ў апошнія некалькі месяцаў падчас беларускай рэвалюцыі, асабліва прымаючы пад увагу, што ў нас так шмат абʼектыўных праблем. Сёньня, вядома, пандэмія, крызіс нелегальнай міграцыі, фінансавы крызіс, Brexit, трампізм у ЗША ў крытычны момант нашых трансатлянтычных дачыненьняў. Усё гэта ўскладняла нашы намаганьні, намаганьні дапамагаць людзям у Беларусі ці ва Ўкраіне. І таму мяне адносна задавальняе тое, што зрабіў ЭЗ. Але, вядома, калі вы спытаеце мяне, ці можам мы зрабіць больш, — несумненна, мы заўсёды можам зрабіць больш.
«Яны сапраўды блізкія да перамогі»
— Добра, значыць, вы кажаце, што можна зрабіць больш. Што яшчэ можа зрабіць ЭЗ, каб дапамагчы Беларусі?
— Як я ўжо казаў, самае галоўнае пытаньне — як мабілізаваць ЭЗ у цэлым, а таксама нацыянальныя ўрады, грамадзкую думку ў ЭЗ у найбліжэйшыя некалькі месяцаў. Таму што я баюся таго, як мы можам адчуваць сёньня, што амаль усе перагружаныя пандэміяй. І мы павінны не дапусьціць у ЭЗ, так бы мовіць, «беларускай стомленасьці».
Калі я быў прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады, адным з асноўных, найбольш складаных намаганьняў (ня толькі для мяне) было — як захаваць Эўропу адзінай і мабілізаванай у дачыненьні да Пуціна і яго дзеяньняў ва Ўкраіне. Я не сумняваюся, што тое самае мы будзем назіраць і зь Беларусьсю, але праблема сёньня значна больш складаная, вядома, з прычыны пандэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: «Вылучэньне Ціханоўскай і яе мужа Сяргея на Нобэлеўскую прэмію міру стане важным сыгналам»Цяпер я магу расказаць больш падрабязна пра некаторыя дэталі. Ня ўсе ў ЭЗ ведаюць, наколькі шырокі і складаны абʼём нашай дапамогі. Я маю на ўвазе фінансавую дапамогу, і тут я магу згадаць, напрыклад, Эўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі (European Endowment for Democracy), вельмі эфэктыўную няўрадавую арганізацыю, якая здольная дапамагчы Беларусі ў нейкіх лягістычных і фінансавых аспэктах. Гэта і палітычныя намаганьні, і тут літоўскі ўрад — найлепшы магчымы прыклад таго, як падыходзіць да такой праблемы, як вырашэньне крызісу ў Беларусі. Таксама сымбалічная падтрымка, напрыклад, прэмія Сахарава для беларускай апазыцыі і г. д.
Самае галоўнае — гэта ўнікальнае супрацоўніцтва і спалучэньне пазытыўных эмоцый і намаганьняў у Беларусі і за яе межамі, я маю на ўвазе ў ЭЗ. Я ўсё яшчэ пад уражаньнем ад апошняй сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай і іншымі лідэрамі беларускай апазыцыі. У нейкім сэнсе яны вельмі рамантычныя, вельмі мужныя, нават гераічныя. Але разам з тым яны вельмі рэалістычныя, вельмі адказныя. І яны ведаюць, што магчыма, а што немагчыма, калі гаворка ідзе пра дапамогу з боку ЭЗ, і яны ўсьведамляюць гэты факт, што ў нас ёсьць некаторыя абмежаваньні, у тым ліку некаторыя адрозьненьні паміж дзяржавамі-сябрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Эўрапейскай народнай партыі беларусам: «Ня бойцеся зрабіць свой выбар!»Сапраўды важна, каб ніхто ў Беларусі не адмовіўся ад гэтага, бо яны сапраўды блізкія да перамогі. Я гэта магу сказаць, абапіраючыся на свой асабісты досьвед, бо да гэтага часу памятаю, як быў маладым паўстанцам у камуністычныя часы ў Польшчы. Я ўсё яшчэ памятаю людзей на вуліцах, як спэцназ зьбіваў людзей і гэтак далей. Але разам з тым я памятаю, наколькі эфэктыўным можа быць негвалтоўны рух. І гэта таксама фэномэн Беларусі. Гэта таксама мэта маіх суразмоўцаў зь Беларусі. Мы павінны быць настолькі ж абачлівымі, як і яны, настолькі ж рашучымі, але адно для мяне абсалютна ясна, што наша дапамога і палітычная падтрымка беларускай рэвалюцыі — ня толькі маральны абавязак. Гэта таксама наш вельмі рацыянальны разьлік.
Вось чаму я настолькі аптымістычны, бо амаль усе лідэры, якіх я сустракаў за апошнія некалькі месяцаў, ведаюць, што Лукашэнка пацярпіць паразу ў гэтай бітве. Калі гэта ня бітва, то, напэўна, гэта вайна нацыі і грамадзянскай супольнасьці Беларусі супраць яго. Гэта азначае, што наша ўзаемадзеяньне, наш удзел — гэта ня толькі маральны абавязак, як я ўжо сказаў, але і вельмі рацыянальны палітычны разьлік. І таму я цалкам аптымістычны, што мы будзем працягваць узгодненую падтрымку Беларусі.