Ірына Рамалійская з тэлеканалу «Настоящее время» пагаварыла зь Веранікай Цапкалай, адной зь ляўрэатак сёлетняй прэміі імя Сахарава.
— Вы ў адным сьпісе з Нэльсанам Мандэлам, Кофі Ананам — яны таксама былі ляўрэатамі. Як адчуваньні?
— Адчуваньні, перш за ўсё, гонар за беларускі народ. Я абсалютна згодная са Сьвятланай, што гэта прэмія беларускаму народу за тую стойкасьць, якую, мы бачым, наш народ праяўляе на працягу апошніх двух з паловай месяцаў, за тую крэатыўнасьць, якую наш народ праяўляе ў выглядзе розных маршаў: марш студэнтаў, марш пэнсіянэраў, марш людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, жаночы марш, марш герояў, марш партызанаў і гэтак далей. Таму я абсалютна згодная са Сьвятланай — гэта прэмія, якую заслужыў увесь беларускі народ у нашай барацьбе за дэмакратычныя зьмены ў Беларусі.
— Вераніка, а як вы даведаліся пра тое, што сталі ляўрэатам? Вы даведаліся загадзя, вас нехта папярэджваў?
— Мы ведалі, што мы былі намінаваныя на гэтую прэмію. І мне блізкія, знаёмыя паведамілі пра тое, што наша апазыцыйная — я б назвала гэта «большасьць», таму што супраць Лукашэнкі прагаласавала большасьць насельніцтва Беларусі, што мы былі абвешчаныя ляўрэатамі прэміі імя Андрэя Сахарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію імя Сахарава атрымала беларуская апазыцыя, прадстаўленая Каардынацыйнаю радаю— Ці разумееце вы, што на практыцы дае або не дае гэтая прэмія?
— На мой погляд, гэта добра, што міжнародная супольнасьць, эўрапейскія краіны да гэтага часу цікавяць тыя пытаньні, якія адбываюцца ў Беларусі, таму што мы бачым, што цяпер многія сусьветныя СМІ асьвятляюць больш і выбары ў Злучаных Штатах, і канфлікт у Нагорным Карабаху. З майго пункту гледжаньня, гэтая прэмія ня дасьць Беларусі сысьці з тэлевізійных каналаў, з сусьветных тэлевізійных каналаў, таму што ўся сусьветная супольнасьць павінна разумець, што мы змагаліся, мы змагаемся і будзем змагацца з дыктатурай да таго часу, пакуль мы не пераможам.
— Паводле вашых ацэнак, дапамогі ад ЭЗ дастаткова?
— На мой погляд, сьпіс тых чыноўнікаў, якія былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, недастаткова поўны. Я лічу, што ў гэты сьпіс павінны быць уключаны абсалютна ўсе тыя асобы, якія бралі ўдзел у парушэньні правоў чалавека, у катаваньнях, у зьбіваньнях, у фальсыфікацыях выбараў. Гэта павінны быць і сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі, гэта павінны быць і сябры тэрытарыяльных выбарчых камісій. Мы таксама неаднаразова на сустрэчах з ЭЗ уздымалі пытаньне пра ўключэньне мужа і жонкі тых людзей, якія былі ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы. Таму, на мой погляд, трэба гэтыя сьпісы пашыраць і іх трэба дапаўняць, у тым ліку і супрацоўнікамі АМАПу, якія такім чынам ставяцца да беларускага народу, выконваючы супрацьзаконныя загады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль: Адносіны ЭЗ зь Менскам патрабуюць перагляду. Рыхтуецца новы пакет санкцый, які ўключае Лукашэнку— Вам абяцаюць пашыраць гэты сьпіс?
— Яны абяцаюць разгледзець гэтае пытаньне. Мы ведаем, што структура Эўразьвязу — гэта даволі грувасткая структура, неабходна атрымаць падтрымку большасьці краін, якія ўваходзяць у ЭЗ, таму мы пастаянна ўздымаем гэтае пытаньне, мы просім не накладаць санкцыі на ўсю краіну, на грамадзян, як гэта было зроблена ў папярэднія гады, таму што сапраўды ў нас супрацьстаяньне народу такое, якое ня мае прэцэдэнтаў ва ўсёй сучаснай гісторыі Беларусі. Мы просім не накладаць нейкія агульныя санкцыі на краіну — мы просім накладаць кропкавыя санкцыі на тых людзей, якія былі замешаныя ў парушэньні правоў чалавека.
— Вераніка, 26-га чысла мінае тэрмін ультыматуму, які агучыла Святлана Ціханоўская. Што будзе 26-га чысла, на што вы спадзеяцеся?
— У ідэале мы б разьлічвалі, што Лукашэнка раптам вырашыць скласьці свае паўнамоцтвы, што, на жаль, малаверагодна. Сьвятлана заклікала, каб уся краіна ўдзельнічала ў страйку, каб уся краіна спыніла працу. Мы будзем далей выкарыстоўваць законныя мірныя сродкі, таму што, як мы ўсе бачым, на працягу двух з паловай месяцаў беларусы выкарыстоўваюць выключна мірныя дэманстрацыі. І мы будзем рабіць усё магчымае, каб ціснуць на рэжым знутры — гэта і эканамічныя санкцыі ў выглядзе страйкаў, гэта і мірныя пратэсты. Мы будзем усё рабіць для таго, каб сілавікі і дзяржаўныя чыноўнікі перайшлі на бок народу ў бліжэйшы час. Мы не здадзімся, пакуль мы не дасягнем сваёй мэты.