У адкрытым лісьце 16 дэпутатаў парлямэнту Швайцарыі ад розных партый зьвярнуліся да міністра юстыцыі, міністра ўнутраных спраў і генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем вызваліць грамадзянку Швайцарыі Натальлю Гершэ, якая знаходзіцца ў зьняволеньні.
Натальля Гершэ мае падвойнае грамадзянства Швайцарыі і Беларусі. Яе затрымалі 19 верасьня на жаночым маршы ў Менску. У аўторак на гэтым тыдні, калі ёй споўніўся 51 год, пасол Швайцарыі ў Беларусі Клёд Альтэрмат упершыню з моманту арышту змог наведаць Натальлю ў турме.
Міжнародная праваабарончая арганізацыі Libereco лічыць Натальлю Гершэ палітычнай зьняволенай, арышт якой носіць адвольны і палітычна матываваны характар.
Член Нацыянальнай рады Швайцарыі Барбара Гізі з гораду Санкт-Гален, дзе жыве і Натальля, узяла на сябе ролю сымбалічнай апякункі Натальлі Гершэ ў межах кампаніі #WeStandBYyou і ініцыявала адкрыты ліст ад членаў Нацыянальнай рады і Рады штатаў Швайцарыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталю Шкляраву памянялі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Ён сустрэўся з мамай: «Плакалі паўгадзіны»