«Што ў мяне забіраюць палову пэнсіі, ён не сказаў». Ніна Багінская адказала на словы Лукашэнкі пра яе

Ніна Багінская на маршы пэнсіянэраў 19 кастрычніка ў Менску

Актывістка Ніна Багінская зьняпраўдзіла словы Аляксандра Лукашэнкі, быццам яна «працавала ў ахове Зянона Пазьняка».

«Гэта ён кажа, каб апраўдаць сваю ахову, у якой тысяча чалавек. А ў Пазьняка ніколі не было аховы, былі сябры, якія зь ім сустракаліся, часам ішлі побач. Я была сябрам тагачаснай партыі БНФ, але калі ў ёй адбыўся раскол, дык адразу папярэдзіла аднадумцаў, што ня буду прыхільніцай толькі пазыцыі Пазьняка, а буду падтрымліваць ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю, мову і нашы сымбалі. Вось гэта і раблю як магу», — сказала Ніна Багінская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заступіўся за Багінскую, іншым прыгразіў: Мы памянялі тактыку — у спакойным рэжыме знойдзем кожнага

Паводле Ніны Багінскай, Аляксандар Лукашэнка пра яе зноў сказаў няпраўду.

«Гэта ягоная бяда — ілжывасьць ува ўсім. Ён нібыта мяне пахваліў за адданасьць поглядам. Але не сказаў, што ў мяне палову пэнсіі ужо каторы год забіраюць (для аплаты шматлікіх штрафаў. — РС). Хіба гэта не рэпрэсіі? Ужо каторы год я не плачу за транспарт, але цяпер простыя пасажыры пазнаюць, вітаюць, выказваюць падтрымку, дык і кантралёрам сорамна мяне чапаць».

Затрыманьне Багінскай падчас жаночага маршу 19 верасьня

Яна назвала «двудушшам» распараджэньне Лукашэнкі «не забіраць Багінскую з плошчаў».

«Ён добра ведае мой узрост, што за 70 гадоў, і тое, што ў мяне хранічная хвароба, у мяне бываюць прыступы, вось нядаўна перад маршам выклікалі хуткую. Дык гэта міліцыянты грошы берагуць, калі не чапаюць мяне на плошчах, бо потым ад праблем не ацярэбісься, толькі і ўсяго».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фота Ніны Багінскай апублікаваў італьянскі модны часопіс Vogue

Паводле Ніны Багінскай, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь, а Лукашэнка, як мяркуе актывістка, зайздросьціць людзям, якія маюць сапраўдную, а не фальшывую папулярнасьць.

«Хай ня хваліць Багінскую, гэта народ супраць яго падняўся. Наша цудоўная моладзь пачала аднаўляць нашы нацыянальныя сымбалі, сьцяг і Пагоню, нарабіла сьцягоў ва ўсіх раёнах, нарабіла сувэніраў, паўсюль вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэта значыць, што вернецца і беларуская мова, безь якой ня будзе незалежнасьці і ўлады народу. Таму — Жыве Беларусь!», — сказала Ніна Багінская ў камэнтары для Радыё Свабода.