Жывы каранавірус выяўлены на ўпакоўках замарожаных прадуктаў у Кітаі. Улады краіны заяўляюць, што выпадкаў перадачы інфэкцыі спажыўцам не было, і рызыка таго, што гэта адбудзецца, невялікая, інфармуе брытанская The Guardian.
Кітайскія органы аховы здароўя, якія расьсьледуюць нядаўні ўсплёск COVID-19, заяўляюць, што выявілі жывы каранавірус на ўпакоўцы замарожаных морапрадуктаў. Гэта азначае, што вірус можа выжываць у сыстэме замарожваньня і захоўваньня прадуктаў.
17 кастрычніка Кітайскі цэнтар кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) заявіў, што знайшоў сьляды жывога SARS-Cov-2 на вонкавай упакоўцы замарожанай траскі ва ўсходнім прыбярэжным горадзе Ціндао. Гэта стала першым выпадкам, калі жывы каранавірус знайшлі на паверхні замарожаных тавараў. Дасьледчыкі шукалі крыніцу нядаўняга ўсплёску COVID-19, зьвязанага зь лякарняй у Ціндао.
Генэтычныя сьляды вірусу раней выявілі ва ўзорах замарожаных прадуктаў, але сам жывы вірус раней не знаходзілі.
«Было пацьверджана, што кантакт з вонкавым бокам упакоўкі, заражанай новым каранавірусам, можа выклікаць інфэкцыю», — паведамляе агенцтва на сваім вэб-сайце. У паведамленьні, аднак, не названа, адкуль паходзіць партыя замарожаных прадуктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая рызыка заразіцца каранавірусам празь дзьвярныя ручкі і харчы ў краме?Кітай, дзе да нядаўняга ўсплёску эпідэміі ў Ціндао за 55 дзён не зарэгістравалі новых мясцовых выпадкаў COVID-19, быў адной зь нямногіх краін, якія зьвярталі ўвагу на магчымую перадачу інфэкцыі праз замарожаныя прадукты. Калі ў чэрвені ў Пэкіне быў другі ўсплёск каранавірусу пасьля зімовай перамогі над ім, афіцыйныя асобы выказвалі здагадку, што хвароба магла паходзіць ад імпартнага ласося.
Паводле амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі хваробаў, пакуль не было доказаў таго, што «захоўваньне ежы, кантакты зь ёй або яе ўжываньне зьвязаныя з COVID-19». Новая Зэляндыя раней таксама выключыла магчымасьць таго, што адно зь першых заражэньняў адбылося ў лядоўні.
У жніўні Кітай зрабіў больш жорсткімі патрабаваньні да кантролю імпарту замарожаных прадуктаў, пасьля таго як сьляды вірусу знайшлі на замарожаных курыных крылцах з Бразыліі. Дасьледчыкі таксама выявілі вірус на імпартных крэвэтках і іншых замарожаных морапрадуктах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці правільна мы дэзынфікуем паверхніЦяпер кітайскі CDC не паведаміў, ці дакладна ўсплёск у Ціндао быў выкліканы кантактам з упакоўкамі замарожаных прадуктаў. Лістападаўскі выпадак першага амаль за два месяцы мясцовага заражэньня быў зьвязаны з двума працаўнікамі докаў, якія хварэлі бессымптомна і, як мяркуецца, заразілі яшчэ 12 чалавек у лякарні.
Невядома таксама, ці заразіліся докеры менавіта ад упаковак замарожаных прадуктаў. Тым ня менш CDC параіў тым, хто працуе з замарожанымі харчамі, ня мець прамых кантактаў з таварам.
Кітайскі CDC заявіў, што выпадкаў заражэньня спажыўцоў вірусам не было, і такая рызыка, на яго думку, нізкая. Але некаторыя кітайцы пачалі заклікаць да часовай забароны на ўвоз замарожаных прадуктаў.
CDC таксама паведаміў, што сярод 2,98 млн упаковак харчовых прадуктаў дасьледчыкі выявілі 22 узоры са станоўчым вынікам тэсту на жывы каранавірус.