Цяпер стала больш зразумелай тактыка ўладаў, якую яны рэалізуюць пасьля візыту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ.
Сутнасьць яе ў тым, каб раскалоць пратэстны рух, штучна стварыць нейкі новы цэнтар апазыцыі з палітвязьняў, якія ўдзельнічалі ў той гістарычнай сустрэчы ў турме, і абвясьціць яе канструктыўнай. Гэтая памяркоўная частка апанэнтаў рэжыму павінна заклікаць народ спыніць пратэсты і прыняць удзел у распрацоўцы новай Канстытуцыі.
З 12 удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам вызвалілі пяцёх: Юрыя Васкрасенскага, Дзьмітрыя Рабцэвіча, Ільлю Салея, Віталя Шклярава і Лілію Ўласаву. Вызваленьнем гэта можна назваць толькі ўмоўна. Проста зьмянілі меру стрыманьня. Абвінавачаньні ім ня зьнятыя, яны пад хатнім арыштам. Гэта такі спосаб трымаць людзей на кручку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Ільлю Салея перавялі пад хатні арышт, забаранілі кантактаваць зь сям'ёюЯк можна зразумець, пакуль паводле прапанаваных уладамі правілаў гатовы гуляць толькі Юры Васкрасенскі. Дзяржаўныя СМІ спрабуюць ляпіць зь яго прадстаўніка канструктыўнай апазіцыі, згоднай удзельнічаць у працэсе канстытуцыйнай рэформы, а не выходзіць на вуліцу і пратэставаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі: На даручэньне Лукашэнкі я склаў сьпіс асобаў, якіх можна вызваліць з турмыАле атрымліваецца пакуль вельмі груба і непераканаўча. Так адбываецца амаль заўсёды, калі ўлады Беларусі спрабуюць гуляць у якую-небудзь складаную гульню. Іншая рэч — біць дубінкай па галовах. Зразумела і немудрагеліста. А пры складанай гульні трэба ж, каб у яе паверылі.
Пасьля ўсяго, што Васкрасенскі нагаварыў у інтэрвію зь СІЗА КДБ беларускім тэлеканалам, называць яго прадстаўніком апазыцыі неяк дзіўна. Нагадаю, што ён усяляк абліваў брудам праціўнікаў рэжыму, апавядаў, што ўсе яны працуюць за заходнія грошы, асуджаў вулічныя пратэсты, хваліў Лукашэнку. Інакш кажучы, Юры цяпер гаворыць выключна мовай БТ, або, калі заўгодна, КДБ. Цяпер ён такі ж «апазыцыянэр», як Алег Гайдукевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА: Ніякіх дамоўленасьцяў не дасягнуліТакім чынам, гульня на раскол праціўнікаў рэжыму пакуль ідзе вельмі дрэнна. Мабыць, зламаць астатніх вязьняў не ўдаецца. Юры Васкрасенскі ў гэтым сэнсе — эксклюзіўны асобнік.
Мабыць, праблема ў тым, што спачатку Васкрасенскага выкарыстоўвалі толькі ў якасьці выкрывальніка праціўнікаў рэжыму. А потым нечакана вырашылі памяняць яму ролю. Але калі ў адным спэктаклі актор выконвае адначасова розныя ролі, то вынікае нейкае глупства. Усё гэта паказвае, што ў рэжысэра відавочны дэфіцыт артыстаў падобнага амплюа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў турме немагчыма дамовіцца ні пра спыненьне пратэстаў, ні пра Канстытуцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўсіх падмане? Вынікі «круглага стала ў СІЗА»
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.