Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА: Ніякіх дамоўленасьцяў не дасягнулі


Віктар Бабарыка (другі зьлева) на сустрэчы з Лукашэнкам
Віктар Бабарыка (другі зьлева) на сустрэчы з Лукашэнкам

Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка ня лічыць сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ дыялёгам. Дыялёг, на яго думку, магчымы, але пры пэўных умовах, першая зь якіх — вызваленьне ўдзельнікаў сустрэчы з-за кратаў.

Пра свае ўражаньні ад сустрэчы з Лукашэнкам экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты расказаў адвакатам Аляксандру Пыльчанку, Натальлі Мацкевіч і Дзьмітрыю Лаеўскаму, паведамляе Tut.by.

Сустрэчу, якая адбылася ў суботу 10 кастрычніка, на думку Віктара Бабарыкі, нельга назваць дыялёгам. Перш за ўсё таму, што дыялёг мае на ўвазе роўнасьць удзельнікаў з пункту гледжаньня іх знаходжаньня на волі, а тут гэтага не было — сам Бабарыка і іншыя ўдзельнікі сустрэчы знаходзяцца ў СІЗА.

Акрамя таго, дыялёг павінен суправаджацца роўным доступам яго ўдзельнікаў да інфармацыйнага поля, што таксама немагчыма пры знаходжаньні чалавека пад вартай. І трэцяе — за сталом павінна быць значна шырэйшае кола прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, лічыць Віктар Бабарыка. Таму ніякіх дамоўленасьцяў падчас сустрэчы не дасягнулі.

«Віктар Бабарыка лічыць, што дыялёг магчымы, але пры пэўных умовах, першая зь якіх — вызваленьне ўдзельнікаў сустрэчы з-за кратаў. Акрамя таго, Віктар Бабарыка падкрэсьлівае, што „мы памятаем аб усіх іншых палітычных зьняволеных“, і бязь іх вызваленьня таксама немагчыма вядзеньне дыялёгу. Пазыцыя Віктара Бабарыкі па палітычных пытаньнях, нягледзячы на доўгае зьняволеньне, не зьмянілася», — кажуць абаронцы экс-банкіра.

Наконт таго, што сказаў бізнэсовец Юры Васкрасенскі ў СМІ, Віктар Бабарыка заяўляе, што ўдзельнікі сустрэчы не перадавалі нікому паўнамоцтваў весьці дыялёг ці гаварыць ад іх імя. Акрамя таго, спадар Васкрасенскі ня быў чальцом штабу Бабарыкі, як і іншыя каардынатары па раёнах, ён не належаў да кола асобаў, якія прымалі рашэньні, і ніколі не атрымліваў ад Бабарыкі якіх-колечы даручэньняў, як і ня вёў зь ім індывідуальных размоваў. Таму Васкрасенскі — неўпаўнаважаная асоба, падкрэсьліў Віктар Бабарыка.

10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з групай палітзьняволеных у СІЗА КДБ. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў другой палове дня 10 кастрычніка. Дзяржаўныя СМІ сказалі, што размова тычылася будучых зьменаў у Канстытуцыю.

На сустрэчы былі:

  • былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка,
  • ягоны сын Эдуард Бабарыка,
  • блогер Сяргей Ціханоўскі,
  • дырэктар менскага офіса кампаніі PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч,
  • сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Ўласава,
  • былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт,
  • уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч,
  • Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасьля сыходу Бабарыкі,
  • паліттэхноляг Віталь Шкляраў,
  • сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак,
  • адвакат Ільля Салей,
  • бізнэсовец Юры Васкрасенскі.

Увечары 11 кастрычніка са сьледчага ізалятара КДБ выпусьцілі на волю бізнэсоўца Юрыя Васкрасенскага і дырэктара менскага офіса кампаніі PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча.

Падрабязнасьці пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА КДБ 10 кастрычніка сваім адвакатам раней расказалі Максім Знак, Сяргей Ціханоўскі і Віталь Шкляраў. Таксама стала вядома, што Марыі Калесьнікавай на сустрэчы не было, бо яна адмовілася на яе ехаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG