Прынамсі адзін чалавек загінуў у пажары на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, які не дабудавалі кітайцы. ФОТА

Супрацоўнікі МНС тушаць пажар на цэлюлёзным камбінаце

Вялікі пажар на цэлюлёзна-кардонным камбінаце пад Сьветлагорскам Гомельскай вобласьці. Над прадпрыемствам уздымаецца чорны дым, празь які шугае адкрытае полымя. Працуюць ратавальнікі.

У прэсавай службе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў пацьвердзілі, што на Свьетлагорскім ЦКК сапраўды гарыць рэзэрвуар з хімікатамі. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў. Як стала вядома Свабодзе, гэта 41-гадовы зваршчык прадпрыемства.

Падрабязнасьці здарэньня ў ведамстве абяцаюць абнародаваць пазьней. Цяпер там працуюць спэцпадраздзяленьні ведамства.

Жыхары вёскі Якімава Слабада, побач зь якой месьціцца камбінат, паведамілі Свабодзе, што ранкам 19 кастрычніка яны чулі два моцныя выбухі з боку заводу беленай цэлюлёзы. Потым навакольле ахінуў густы чорны дым.

«Дыхаць не было чым, людзі проста ванітавалі», — расказалі журналістам мясцовыя.

Пажар на цэлюлёзна-кардонным камбінаце ў Сьветлагорску

Ня першая ахвяра аварый на заводзе

4 жніўня стала вядома, што ў апёкавым цэнтры ў Менску памёр 29-гадовы Аляксей Сасноўскі. Ён 30 ліпеня пацярпеў ад аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску разам са сьлесарам Аляксандрам Арэхам. На верталёце МНС абодвух даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар у Менску.

Афіцыйна паведамлялася, што прарвала трубаправод, а рабочых, якія знаходзіліся побач, абліло тэхналягічнай вадкасьцю з тэмпэратурай +80 градусаў. У Аляксея Сасноўскага было 90% апёкаў цела, у Аляксандра Арэха — да 40%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр 29-гадовы Аляксей Сасноўскі, які пацярпеў ад аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску

Завод беленай сульфатнай цэлюлозы на Сьветлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце будаваўся некалькі гадоў пры дапамозе крэдытаў кітайскіх банкаў кітайскімі падрадчыкамі і рабочымі.

Завод быў у цэнтры скандалаў, у тым ліку на нявыплату кітайскім рабочым заробку, на сотні кілямэтраў бракаванага кабэлю, які паклалі кітайскія будаўнікі, на завод таксама рэгулярна скардзіліся мясцовыя жыхары з-за смуроду, які ён выдзяляў. У траўні мінулага года на ЦКК абвалілася частка даху аднаго з цэхаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шпіёнскі скандал і «развод» з кітайцамі. Што ня так з заводам беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску

У лютым 2020 Аляксандар Лукашэнка зрабіў сымбалічны запуск абсталяваньня лініі па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы на камбінаце ў Сьветлагорску. «Сьмярдзючага паху няма?» — пацікавіўся Аляксандар Лукашэнка ў чыноўнікаў. «Інакш мы не б падпісалі акт уводу прадпрыемства», — адказаў кіраўнік канцэрну.

Лукашэнка таксама згадаў пра «жорсткія разборкі» пасьля паведамленьняў пра скаргі мясцовых жыхароў на пах ад вытворчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмярдзючага паху няма?» Лукашэнка запусьціў у Сьветлагорску скандальны завод