Аляксандар Лукашэнка зрабіў сымбалічны запуск абсталяваньня лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлёзы на камбінаце ў Сьветлагорску, перадае БелТА.
Гэта тое прадпрыемства, на «сьмярдзючыя выкіды» зь якога наракаюць мясцовыя жыхары.
Новая вытворчасьць стваралася апошнія некалькі гадоў з удзелам кітайскай кампаніі інжынірынгу САМСЕ. Аднак у супрацы ўзніклі сур’ёзныя супярэчнасьці, што прывяло да скасаваньня кантракту. Завяршаць працу давялося сіламі беларускіх падрадных арганізацый.
Нягледзячы на незадаволенасьць сьветлагорцаў, Лукашэнку запэўнілі ў адсутнасці экалягічных прэтэнзій да новай вытворчасьці на базе цэлюлёзна-картоннага камбінату.
«Сьмярдзючага паху няма?» — пацікавіўся Аляксандар Лукашэнка ў чыноўнікаў.
На што старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў запэўніў, што праблемаў няма.
«Інакш мы не б падпісалі акт уводу прадпрыемства», — адказаў кіраўнік канцэрну, удакладніўшы, што ўведзены ў эксплюатацыю завод працуе і паступова выходзіць на праектную магутнасьць.
Лукашэнка падкрэсьліў, што галоўная задача цяпер — атрыманьне большай даданай вартасьці прадукцыі.