Амаль 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў скарысталі праграму пераезду ў Польшчу

Ілюстрацыйнае фота

Крыху больш чым за месяц з моманту запуску праграмы польскага ўраду «Польшча. Business Harbour» для дапамогі перамяшчэньню беларускіх ІТ-спэцыялістаў у Польшчу яе ўжо скарысталі амаль 800 беларускіх спэцыялістаў.​

«Візы выдадзеныя 790 беларускім спэцыялістам», — заявіла Маніка Гжэляк, прадстаўніца Польскага агенцтва інвэстыцыяў і гандлю, падчас адмысловага паседжаньня экспэртнай групы, паведамляе рэсурс Telix.pl.

Яна дадала, што Польскае агенцтва інвэстыцыяў і гандлю працягвае весьці «гарачую лінію» для зацікаўленых бакоў і аказвае наўпроставыя паслугі кампаніям, якія разглядаюць магчымасьць пераезду зь Беларусі — цяпер гэта каля 22 ІТ-кампаніяў рознага маштабу.

«Гэта замежныя інвэстары ў Беларусі, кампаніі з капіталам з розных краін, якія калісьці вырашылі інвэставаць у Беларусь, але сытуацыя прымусіла іх зьмяніць пазыцыю. Гэтыя кампаніі, напрыклад, разглядалі прапановы Ўкраіны, Латвіі і Літвы, але тым ня менш мы здолелі прыцягнуць іх у Польшчу», — дадала Маніка Гжэляк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча запусьціла праграму для пераезду беларускіх ІТ-кампаніяў і спэцыялістаў

Адзначаецца, што разьвіцьцю праграмы апошнім часам перашкаджае вымушанае скарачэньне польскага дыпляматычнага пэрсаналу ў Беларусі, але Польшча надалей працуе над прыцягненьнем ІТ-спэцыялістаў зь Беларусі.

У верасьні ў Польшчы стартавала праграма польскага ўраду «Польшча. Business Harbour», якая прапануе спэцыялістам IT-сфэры, стартапам і ІТ-кампаніям «без праблемаў пераехаць у Польшчу».

У межах праграмы беларусы могуць даведацца, як пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, пры пераезьдзе супрацоўнікаў і іхных сем’яў займець падтрымку, юрыдычную і візавую дапамогу, зьвязацца з органамі самакіраваньня і адмысловымі эканамічнымі зонамі, якія даюць часовыя офісы і жыльлё. Таксама ім абяцаюць дапамагчы ў кантактах з інвэстарамі і грантамі на дзейнасьць. Тым, хто наважыўся пераехаць, прызначаць апекуна, які будзе суправаджаць іх на працягу ўсяго працэсу.

Днямі зьявілася інфармацыя, што ад пачатку пратэстаў у Беларусі ва Ўкраіну пераехалі каля 1200 беларускіх IT-спэцыялістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку пратэстаў у Беларусі ва Ўкраіну пераехала каля 1200 беларускіх IT-спэцыялістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова беларускіх «айцішнікаў» не баяцца страты заробкаў ці працы ў сувязі з крызісам, 15,3% зьбіраюцца эміграваць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 80 беларускіх кампаній зацікавіліся пераносам бізнэсу ў Літву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 беларускіх IT-кампаній вырашылі «эміграваць» у Латвію