Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча запусьціла праграму для пераезду беларускіх ІТ-кампаніяў і спэцыялістаў


Ілюстрацыйнае фота. Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Парк высокіх тэхналёгіяў у Менску

У Польшчы стартавала праграма польскага ўраду «Польшча. Business Harbour» для «прадпрымальных беларусаў з ICT-сэктару», паведамляе ўрадавы сайт Польскай Рэспублікі.

Праграма Poland. Business Harbour прапануе спэцыялістам IT-сфэры, стартапам і ІТ-кампаніям «без праблемаў пераехаць у Польшчу».

«Працягнуць руку дапамогі беларусам — гэта таксама ў наяўных абставінах наш маральны абавязак», — камэнтуе ініцыятыву намесьніца прэм’ер-міністра Польшчы Ядвіга Эмілевіч.

У межах праграмы беларусы могуць даведацца, як пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, пры пераезьдзе супрацоўнікаў і іхных семʼяў займець падтрымку, юрыдычную і візавую дапамогу, зьвязацца з органамі самакіраваньня і адмысловымі эканамічнымі зонамі, якія даюць часовыя офісы і жыльлё. Таксама ім абяцаюць дапамагчы ў кантактах з інвэстарамі і грантамі на дзейнасьць.

Людзі, якія маюць інжынэрную адукацыю або досьвед працы ў IT-сфэры, змогуць скарыстацца паскоранай працэдурай атрыманьня візаў. Некалькі дзясяткаў тэхналягічных кампаніяў па ўсёй Польшчы падрыхтавалі спэцыяльныя прапановы працаўладкаваньня. У праекце ўдзельнічае Software Development Association Poland (SODA) і Польская палата інфарматыкі і тэлекамунікацыяў.

Каардынуюць праграму Міністэрства разьвіцьця і Польскае агенцтва інвэстыцыяў і гандлю сумесна з GovTech Polska і канцылярыяй прэм’ера, Міністэрствам замежных справаў, Польскім агенцтвам разьвіцьця прадпрымальніцтва і фондам Startup Hub Poland.

Тым, хто наважыўся на пераезд, прызначаць апекуна, які будзе суправаджаць іх на працягу ўсяго працэсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG