32 працаўнікі аб’яднаньня «Беларуськалій» працягваюць страйк, які пачаўся 17 жніўня. Пра гэта паведаміў сябра страйкаму Віталь Дзядзюк. «Нас было 31, а ад сёньня нас 32, бо Аляксандр Курбан, як выйшаў з шахты, сказаў, што далучаецца да страйку і ўсіх нашых патрабаваньняў», — сказаў працаўнік «Беларуськалію» Віталь Дзядзюк. Шахтар расказаў, у якой форме праходзіць забастоўка.
«Мы проста не выходзім на працу і гэтак ўжо другі месяц. Адміністрацыя большасьць з нас звольніла „за прагулы“, але мы лічым, што гэта незаконна. Бо мы знаходзімся ў страйку, а страйк — гэта калектыўная спрэчка з палітычных прычынаў. Таму паводле закону мы апынуліся ў вымушаным прагуле зь віны наймальніка. Бо сытуацыя ў краіне нестабільная, людзей на вуліцах б’юць. Выбары сфальшаваныя, мы не прызнаем кіраўніцтва, якое захапіла ўладу ў краіне, і таму вымушана ня можам працаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» чарговы шахтар адмовіўся падымацца на паверхнюПаводле Віталя Дзедзюка, працягваецца ціск на ўдзельнікаў страйку. «Запалохваюць, нават ціснуць празь дзяцей, насылаючы праверкі органаў апякунства. Выклікаюць на размовы ў міліцыю. Палову засудзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34 нібыта за несанкцыянаваныя акцыі, хаця гэта былі звычайныя сустрэчы і размовы бязь лёзунгаў і воклічаў. На судовых працэсах супраць нас сьведчаць толькі сьведкі-міліцыянты, даюць ілжывыя паказаньні».
Віталя Дзедзюка таксама затрымлівалі ў верасьні, калі шахтары выйшлі ў падтрымку актывіста Алега Кудзёлкі. «Мяне схапілі і ў багажніку легкавога аўтамабіля прывезьлі ў раённы аддзел міліцыі. Можаце гэта ўявіць? Нас тады затрымалі каля 20 чалавек, і мужчын і жанчын, усіх сабраліся судзіць, але пабаяліся, што ў нашу падтрымку да РАУС прыйдуць шахтары, і выпусьцілі. Гэта толькі мой прыклад. А палова з нас ужо адседзела», — паведаміў Віталь Дзядзюк.
Як працаўнікі «Беларуськалію» паставіліся да ідэі народнага ўльтыматуму, якую агучыла Сьвятлана Ціханоўская?
«Скажу гэтак: людзі пра гэты ўльтыматум ведаюць, адсочваюць усе падзеі, застаюцца на нашым баку і вырашаюць, што рабіць далей. Да нас далучаюцца новыя працаўнікі, як сёньня Аляксандар Курбан, гэта вельмі важна», — сказаў Віталь Дзядзюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы не адны!» Ціханоўская заклікала працаўнікоў заводаў і прадпрыемстваў працягваць барацьбуАляксандар Курбан, які сёньня прыкаваў сябе ў шахце на глыбіні 440 метраў, працуе на «Беларуськаліі» з 1998 году, а з 2000 году спускаецца ў шахту як падрыўнік. Ён сябра Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Сярод патрабаваньняў Аляксандра Курбана былі падвышэньне заробку і спыненьне ціску на ўдзельнікаў страйку, ён выступіў супраць фальшаваньня выбараў і рэпрэсіяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два месяцы беларускіх пратэстаў: вынікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вадзім Пракоп’еў: «У мяне ёсьць уласны плян перамогі, абʼяднаньне — першы яго пункт»