На знак пратэсту майстар-выбуховік Аляксандар Курбан прыкаваў сябе ланцугом да мэталаканструкцыяў у месцы пасадкі работнікаў у клець, паведаміў тэлеграм-канал «Страйкам Белкалію» з спасылкай на работнікаў 4-га рудаўпраўленьня.
Аляксандар Курбан патрабуе
- падняць заработную плату на ўзровень, які адпавядае цяжкасьці і небясьпецы ўмоваў працы,
- забясьпечыць рабочых спраўным і прыдатным інструмэнтам для выкананьня сваіх працоўных абавязкаў, а таксама новым самаходным транспартам усе ўчасткі рудніку,
- спыніць ціск на працоўных і незалежны прафсаюз,
- скасаваць злачыннае рашэньне звольніць работнікаў «Беларуськалію», якія знаходзяцца ў страйку,
- генэральнаму дырэктару як сэнатару ад Менскай вобласьці давесьці да вышэйшага кіраўніцтва краіны пазыцыю працоўнага калектыву, а менавіта: прызначыць новыя адкрытыя і сумленныя выбары, вызваліць усіх палітычных зьняволеных, спыніць зьбіцьцё мірных грамадзян.
А 9:15 страйкам паведаміў, што Аляксандра Курбана паднялі на паверхню.
Яго дасталі з шахты горныя ратавальнікі.
«Перакусілі ланцуг, якім ён сябе прыкаваў да клеці, і паднялі», — паведаміў сябра страйкаму «Беларуськалія» Віталь Дзядюк.
Зь ягоных словаў, на паверхні Аляксандра Курбана чакалі прадстаўнікі адміністрацыі, лекары хуткай дапамогі і міліцыянты.
«Яго адразу павезьлі ў псыхдыспансэр на агляд, там вызначылі, што ён цалкам здаровы. Цяпер разам зь сябрам страйкаму ён паехаў дамоў, каб прыняць душ, крыху адпачыць, але праз гадзіну абяцаў прыехаць да нас у страйкам. Мы яго чакаем», — апавёў Віталь Дзядюк.
Пра тое, ці кантактавалі ўжо з Аляксандрам Курбанам прадстаўнікі міліцыі, Віталю Дзедзюку невядома.
Мабільны тэлефон Аляксандра Курбана не адказвае.
Гэта ня першы такі пратэст на «Беларуськаліі».
10 верасьня адмовіўся падымацца з забою Юры Корзун.
21 верасьня — Алег Кудзёлка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далей я буду са страйкамам». Шахтар Алег Кудзёлка расказаў, як рыхтаваўся да пратэсту пад зямлёйГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шахтар, які прыкаваў сябе кайданкамі: «Людзі прапаноўвалі пагасіць усе мае крэдыты» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы не адны!» Ціханоўская заклікала працаўнікоў заводаў і прадпрыемстваў працягваць барацьбу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 15 сутак арыштавалі шахтара Юрыя Корзуна, які ў верасьні адмовіўся падняцца з забою ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Работнікі «Нафтану»: «Хочам жыць у краіне, дзе кіраўнік, наняты народам, не называе яго „пацукамі“»