Шахтара «Беларуськалію» Юрыя Корзуна асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», паведаміў страйкам у сваім тэлеграм-канале.
Юрыя Корзуна разам з чальцамі страйкаму прадпрыемства і яшчэ дзясяткамі жыхароў Салігорску затрымалі 3 кастрычніка на мірнай акцыі ў гарадзкім парку. Усе атрымалі рознае пакараньне — ад штрафаў да арышту.
10 верасьня Юры Корзун адмовіўся падымацца з шахты на паверхню да выкананьня палітычных патрабаваньняў, уключна з адстаўкай Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля начной зьмены ён прыкаваў сябе кайданкамі і ланцугом да прамысловага абсталяваньня.
У выніку ратавальнікі з дазволу адміністрацыі ўжылі сілу: разрэзалі ланцуг і вынесьлі страйкоўца з шахты.