У Расеі амапаўцы затрымалі дэманстрантаў на 92-і дзень пратэстаў у падтрымку былога губэрнатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку журналістаў. Meduza сабрала сьведчаньні з розных крыніц.
Несанкцыянаваная акцыя пачалася каля 12-й гадзіны (у Менску было 5 раніцы) на плошчы каля будынку мясцовага ўраду. На яе выйшлі ад 500 да 1000 удзельнікаў.
Пратэстоўцы каля паўгадзіны скандавалі лёзунгі ў падтрымку Фургала, а потым прайшлі шэсьцем па праезнай частцы цэнтральных вуліц і вярнуліся да ўрадавага будынка. Калі яны пачалі ставіць палаткі, з будынку выбег АМАП.
Падчас разгону пацярпелі некалькі чалавек .
- Жанчына павалілася на зямлю і, паводле непацьверджаных зьвестак, атрымала чэрапна-мазгавую траўму.
- Яшчэ аднаму чалавеку зламалі нос.
- Уладальніка «фургаламабіля» Андрэя Маклыгіна зьбілі дручкамі па галаве.
- Два затрыманыя падлеткі паведамілі штабу Навальнага пра зьбіцьцё і катаваньні: іх «паставілі на калені ў кут, зьдзекаваліся, скручвалі рукі, ударылі ў вока».
Паводле мясцовага сайту DVhab.ru, гэта быў самы жорсткі разгон мітынгаў у Хабараўску.
Пратэсты ў Хабараўску працягваюцца ўжо тры месяцы запар. Іх удзельнікі патрабуюць справядлівага разбору справы Сяргея Фургала. Экс-губэрнатара арыштавалі ў ліпені. Яго вінавацяць у арганізацыі забойстваў прадпрымальнікаў у 2000-х гадах. Фургал віну не прызнае і скардзіцца на ціск з боку сьледзтва.
Прыхільнікі Фургала лічаць ягоны перасьлед палітычным — некалькі гадоў таму на выбарах кіраўніка рэгіёну ён нечакана перамог кандыдата, якога падтрымліваў Крэмль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі ўдасца раней, чым нам». 90 дзён пратэстам у Хабараўску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы хутчэй адмоўна ацэньваюць беларускія пратэсты, — Лявада-цэнтар