Паводле апытаньня Лявада-цэнтру, расейцы хутчэй адмоўна ацэньваюць беларускія пратэсты — адзначае палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Салідарнасьць зь беларускімі пратэстоўцамі, якую выказвалі пратэстоўцы ў Хабараўску, уражвае. Але дадзеныя сьвежага апытаньня Лявада-цэнтру сьведчаць пра тое, што стаўленьне расейцаў да пратэстаў у Беларусі дваістае і хутчэй адмоўнае.
39% апытаных лічаць, што пратэсты — «правакацыі замежных сілаў», 28% бачаць прычыну пратэстаў у тым, што беларусы стаміліся ад кіраваньня Лукашэнкі, 24% рэспандэнтаў мяркуюць, што пратэсты — «правакацыі беларускай апазыцыі».
Станоўчае стаўленьне да ўдзельнікаў беларускіх пратэстаў маюць 25% апытаных, адмоўнае — 39%.
18% мяркуюць, што дзеяньні беларускіх сілавікоў супраць пратэстоўцаў былі ў межах закону, 38% — што дзеяньні былі жорсткія, але неабходныя, каб навесьці парадак, і 35% палічылі, што гэтым дзеяньням няма апраўданьня.
Пры гэтым 48% расейцаў мяркуюць, што выбары ў Беларусі былі праведзеныя цалкам ці ў асноўным сумленна, а 57% апытаных заявілі, што хацелі б, каб прэзыдэнтам Беларусі застаўся Аляксандар Лукашэнка — адзначае Юры Дракахруст, камэнтуючы дадзеныя апошняга апытаньня Лявада-цэнтру.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.