Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусі ўдасца раней, чым нам». 90 дзён пратэстам у Хабараўску


Пратэст у Хабараўску
Пратэст у Хабараўску

Мінае трэці месяц пратэстам у Хабараўску. Дзясяткі тысяч жыхароў краю 90 дзён выходзяць на вуліцы, каб падтрымаць арыштаванага губэрнатара Сяргея Фургала.

Валянтэр мясцовага штабу Навальнага Міхаіл Аляксееў у інтэрвію Свабодзе расказвае, які сэнс пратэстаў, калі ўлада не заўважае іх ужо чацьвёрты месяц.

Пра нястомленасьць

Пасьля 90 дзён хаджэньня мы не стаміліся. Вельмі зьдзіўляюць людзі. У будныя дні іх менш, але ў выходныя выходзіць столькі ж сама.

Пра галоўны фактар пратэсту

Людзі далёка ад Масквы. Пра Далёкі Ўсход забыліся. Нас успрымаюць як сыравінны дадатак. Грошы, якія застаюцца ў краі, мінімальныя. Нас пастаянна датуюць, хаця ў Хабараўскім краі ёсьць золата, лес і іншыя карысныя выкапні, і вытворчасьць. Але грошы чамусьці не застаюцца ў краі.

Пра абарону выбару

«Адзіная Расея» лічыла, што ў яе вялікі рэйтынг. Гэтаксама, як і Лукашэнка. Таму Фургал, які на выбарах 2 гады таму ішоў ад ЛДПР, быў проста спойлерам. Але «Адзіная Расея» настолькі расслабілася, што Фургал трапіў у другі тур, бо людзі галасавалі супраць «Адзінай Расеі». Тады людзі зразумелі, што ёсьць сэнс прагаласаваць і ў другім туры. І так Фургал перамог.

Пра эфэктыўнасьць Фургала

Калі ў горадзе пратэставалі сіроты, якіх падманулі з кватэрамі, ён асабіста да іх выходзіў і вырашаў. Замест 100–200 кватэр у год ім пачалі даваць да 1000. Ягоны рэйтынг рос. Ён быў паўсюль, на ўсё зьвяртаў увагу. Запісваў на відэа свае нарады. І тут нечакана яго запіхваюць у машыну і вязуць у Маскву. І народ адрэагаваў: мы яго выбіралі, ён за 2 гады пачаў рабіць зрухі.

Пра аналёгіі зь Беларусьсю

Большасьць людзей галасавалі за нешта іншае, а іх ня хочуць слухаць. У нас у горадзе на вуліцы выходзіла 10% жыхароў. Сытуацыя ідэнтычная. Таму зьявіліся лёзунгі ў падтрымку Беларусі.

Пра адсутнасьць радыкальных рашэньняў

Па-першае, нават 10% на вуліцы — мала. Асабіста я супраць гвалту. Адказ сілавікоў можа быць вельмі жорсткі, у нас паліцэйская дзяржава. Але, магчыма, усё наперадзе. Людзі толькі пачынаюць глядзець інакш. Калі цярпеньне лопне, то можа адбыцца ўсё што заўгодна.

Пра паліцыю

Жорстка паліцыя ня дзейнічае. Зьбіваньняў або забойстваў няма. Ёсьць дробныя паскудзтвы: адміністрацыйныя арышты, незаконныя затрыманьні. Такіх жорсткасьцяў, як у Беларусі, у нас не было.

Пра адсутнасьць дыялёгу

Створана нейкая рада пры губэрнатару. Але невядома, хто ў яе ўваходзіць. Сам губэрнатар людзей, якія выходзяць, цалкам ігнаруе. Ніякага дыялёгу.

Пра сэнс хаджэньня

Трэба выходзіць, каб паказваць прысутнасьць, што людзі ёсьць. Улада разумее, што мы не здаемся і ня прымем яе вырашэньня (прызначэньня новага губэрнатара). Калі ўсё заглухне, то Фургала надоўга пасадзяць, і ўсё забудзецца. А людзі выходзяць і кажуць: «Не, мы не забыліся». Адзін зь лёзунгаў: «Мы яшчэ вернемся», яны кажуць, што гэта яшчэ не канец.

Пра тое, хто першы пераможа: Хабараўск ці Беларусь?

Беларусь. У Беларусі гэта датычыць усёй краіны. У нас краіна вялізная. У Маскве губэрнатар Хабараўскага краю нікому не цікавы, маўляў, дзе гэта ўвогуле, гэта недзе за МКАД? Гэта далёка і незразумела. У Беларусі сытуацыя датычыць кожнага беларуса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG