Берасьцейка, якая звольнілася з войска з палітычных матываў, расказала, як іх рыхтавалі перад выбарамі, што ёй казалі перад сыходам і чаму яна зьехала за мяжу.
Тацяне (імя на просьбу гераіні зьмененае) 37 гадоў. Выхоўвае чатырох дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў. Больш за 8 гадоў служыла ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе Берасьця. Працавала санітарным інструктарам роты, мае мэдыцынскую адукацыю. Звольнілася ў званьні «старшына». Перад войскам працавала ў дзіцячай паліклініцы і ў рэанімацыі шпіталю.
Ніжэй ейны аповед.
«У такім войску я служыць не хачу»
«Калі пачаліся ўсе гэтыя дзеяньні (пратэсты. — РС), усіх пасадзілі на казарменнае становішча. Пайшлі чуткі, што па загадзе будзем падымацца і са зброяй выходзіць на разгон мітынгаў, у ачапленьні стаяць. Калі быў бы загад страляць, ён бы на мяне таксама распаўсюджваўся.
Я адразу сказала, што ня буду выконваць злачынныя загады, у людзей страляць я ня буду і зброю з патронамі ў рукі таксама браць ня буду. На што мне сказалі: Ты разумееш, што табе будзе за невыкананьне загаду?» Там аж да турмы. Я сказала: "Разумею. Але я давала свайму народу прысягу, што я яго буду абараняць. Не прэзыдэнту, ні вам, нікому. Прэзыдэнт ідзе на апошнім месцы ў прысязе.
11 жніўня я сышла на бальнічны, бо ў мяне забалела сьпіна. Са старэйшай дачкой мы ўдзельнічалі ў мітынгах увесь час. 16 жніўня шматтысячны натоўп хадзіў па горадзе, і мы там былі. Відаць, добра папрацавалі спэцслужбы, шмат людзей тады забралі. 17 жніўня, калі я была яшчэ на бальнічным, мне пазванілі з працы і сказалі, што мяне выклікае камандзір батальёну. Я ўжо разумела, навошта. Я на мітынгу была з адкрытым тварам, без маскі, не баялася, не хавалася.
Яны мяне з бальнічнага вырвалі: «Або ты даеш зваротную, і, магчыма, мы цябе пакінем на службе ў войску, або ты пашкадуеш пра свой выбар. Я ім сказала: «Не, сваю пазыцыю я не памяняю. Я супраць таго, што адбываецца ў войску. У такім войску я служыць не хачу. Звальняйце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква нібыта падтрымлівае Лукашэнку, але разам з Захадам рыхтуе кантраляваны транзыт улады», — Сівіцкі«Мяне звальнялі як ворага войска»
«У мяне чацьвёра дзяцей, крэдыты ў Беларусі, трэба выплачваць кантрактныя грошы 4900 рублёў (вярнуць узнагароджаньне, калі вайсковец не даслужыў да канца кантракту. — РС). Яны сталі ціснуць: „Ты бяз працы застанесься. Што ты робіш?!“. Я сказала: „Звальняйце“.
Паклікалі ўсіх жанчын батальёну, каб усе бачылі, што звальняюць ганебна. Маўляў, калі кіраўніцтва батальёну не спынілася, каб звольніць маці з 4 дзецьмі, то бойцеся вы ўсе, будзе яшчэ горш. Па заканадаўстве выкінуць з працы маці з 4 дзецьмі вельмі складана. Мяне звальнялі як ворага войска, здрадніка. Шмат чаго сказалі ў мой адрас, якая я дрэнь. Я сказала, што сваю пазыцыю падтрымліваю, ад яе я не адмоўлюся.
Я напісала рапарт, паклала на стол камбату, разьвярнулася і сышла. Камбат, які мяне звальняў, сказаў пры іншых калегах, што прыкладзе ўсе намаганьні, каб забраць у мяне дзяцей. Маўляў, такая бязмозгая, як яна, ня мае права выхоўваць дзяцей, бо выхавае такіх жа бязмозглых. Казалі, што табе ж дзяржава выдзеліла кватэру, а ты такая няўдзячная пайшла супраць прэзыдэнта, што твае дзеці вучацца ў школе бясплатна, харчуюцца бясплатна (насамрэч 50% аплаты за харчаваньне)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянты сталі як глядыятары», — Алкаеў пра хлопцаў «ад сахі» ў форме і прычыны трываласьці сыстэмы«Я для іх несла вельмі вялікую пагрозу»
18 верасьня мы зь дзецьмі выехалі за мяжу. Адразу на мяжы я папрасіла палітычны прытулак і міжнародную абарону. Напісала заяву на статус бежанца.
Я зьехала, бо разумела: я вайскоўка — мяне ў супакоі не пакінуць. Я ўжо знаходжуся ў базе дадзеных у спэцслужбаў. Мы да апошняга ўдзельнічалі ў мітынгах. Мы з дачкой ад АМАПу зьбягалі, нам камэры ў твар тыкалі і здымалі.
Яшчэ на мітынгу я ішла зь бел-чырвона-белым сьцягам даўжынёй 100 мэтраў. Магчыма, гэта падштурхнула іх з такой агрэсіяй мяне звальняць. Маўляў, у нас сьцяг чырвона-зялёны, а ты ішла з гэтым фашыстоўскім сьцягам. Я сказала: «Не, хлопцы, у мяне сьцяг бел-чырвона-белы».
Я для іх несла вельмі вялікую пагрозу, бо вайсковы чалавек шмат чаго ўмее, шмат чаго ведае, нас навучалі. Калі б пачалася бойня на мітынгу праз правакатараў, першага, каго бы абвінавацілі, была бы я. Я разумела: калі яны возьмуць мяне, дзяцей аддадуць у дзіцячы дом, і больш я іх ня ўбачу.
На адным мітынгу «ціхар» заламаў руку дзяўчыне. Я, каб яе ўратаваць, сарвала зь яго маску, ён адпусьціў яе і пераключыўся на мяне, а я зьбегла праз натоўп. Ён сказаў: «Я цябе, дрэнь, знайду». І праз два дні мы зьехалі.
Вельмі страшна было апошні тыдзень, калі вяла дзіця ў садок. Глядзіш у вочка, ці там нікога няма, адчыняеш дзьверы, глядзіш, ці няма нікога каля ліфтоў, каля сьмецьцеправода. За мной ужо сачылі, у двары стаяў бус па 3-4 гадзіны. Машыны ехала па дарозе, калі я вяла дзіця, спыняліся каля нас, далей ехалі, нас суправаджалі. Было вельмі страшна. Апошнія чатыры дні быў страх, што мяне возьмуць у любы час. Калі б мы хаваліся, мне трэба было бы патлумачыць свой страх дзецям, чаму мы зьбеглі з кватэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што рускаму добра, немцу — сьмерць», — Балаба патлумачыў, чым шкодная эўрапейская ідэалёгія«Нам казалі, што на мітынгі выходзяць наркаманы, алкашы, быдла»
«Нам казалі, што на мітынгі выходзяць наркаманы, алкашы, быдла. Мы павінны абараніць сувэрэнітэт нашай дзяржавы. Праходзіла поўная ідэалягічная праца. У нас на кожным батальёне ёсьць палітрук, які праводзіў размовы, што ўсё гэта быдла трэба разганяць, што вельмі шмат прыехала здраднікаў з Польшчы, Чэхіі, Амэрыкі, будуць рабіць як ва Ўкраіне Майдан, таму мы гэтага дапусьціць ня можам.
У нас перад выбарамі была дадатковая трэніроўка баявой гатоўнасьці, калі падымаюцца ўзброеныя сілы, і ідзе поўная трэніроўка. Я ведала, што перад выбарамі набіралі партызанскія атрады — тых, хто адслужыў і сышоў на дэмбель, на пэнсію. Колькі іх набралі, ня ведаю, але мэдыцынскую камісію перад гэтым праходзілі многія.
Я ня ведаю, якія прэміі плацяць вайскоўцам за разгоны дэманстрацый. Але ў маёй знаёмай былы муж — амапавец. Калі раней ён ёй дасылаў невялікія алімэнты, то за верасень ёй прыйшло 5 тысяч рублёў, гэта 25% ад заробку. Калі палічыць, то ягоны заробак — 20 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Апошняй кропляй стала затрыманьне маёй цымбалісткі“Калі мы пайшлі на мітынг зь дзіцем, я зразумела, што там няма ніякіх правакатараў, то бок правакатары былі, але я разумела, што гэта «нашыя», з АМАПу, зь міліцыі. Я разумела, што мы звычайны народ, які ня згодны з вынікамі выбараў. Я ведала, што 90% маіх знаёмых галасавалі за Ціханоўскую. Калі сказалі, што 80% набраў наш прэзыдэнт, мяне гэта абурыла, гэта быў плявок нам усім у твар.
Палова маіх паплечнікаў па службе разумее гэта, але яны баяцца страціць сваё месца. Яны лічаць, што ў іх добры заробак (800-1000 рублёў), які яны баяцца страціць. Калі я звальнялася, я разумела, што застаюся без заробку, што мне трэба будзе карміць дзяцей, плаціць крэдыты, што мне будзе закрытая дарога на любую дзяржаўную працу. Я зьвярнулася ў фонд BySol. Калі я прадставіла доказы свайго звальненьня, мне выплацілі 1,5 тысячы эўра, якія пайшлі на пагашэньне кантрактных грошаў. Таксама зьвярнулася па дапамогу да «Сумленных людзей».
Калі я вярнуся ў Беларусь, ня ведаю, бо мяне будуць чакаць. Я баюся за сваё жыцьцё, за жыцьцё сваіх дзяцей".
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелАПАН.