36-гадовага магілёўца Андрэя Драздова, інваліда 3-й групы з дыягназам «паступовая цяглічная міядыстрафія», аштрафавалі на 270 рублёў за ўдзел 12 жніўня ў пратэставай акцыі. Двое сутак мужчыну трымалі ў ізалятары, а перад тым, як туды адправіць, паводле яго, пабілі ў міліцыі.
Па вызваленьні ён напісаў скаргу ў Сьледчы камітэт, які дагэтуль высьвятляе акалічнасьці. Судзілі ж Драздова ў ізалятары. Віны ён не прызнаў.
Пра блякаваньне рахунку, на які пералічваецца пэнсія, Андрэй Драздоў даведаўся выпадкова. На рахунку ўбачыў запазычанасьць у амаль 300 рублёў. Пазьней поштай атрымаў пастанову зь Ленінскага раённага аддзелу прымусовага выканьня, у якой гаварылася, што ён даўжнік і 1 кастрычніка супраць яго «пачалі выканаўчае справаводзтва». Падставай для гэтага стала нясплата штрафу.
Па словах Драздова, днямі супрацоўніца аддзелу забрала ў яго тэлефон і кампутар на пагашэньне доўгу. Іх ацаніла ў 140 рублёў. Ён кажа, што судовая выканаўца не зьвярнула ўвагу на словы, што тэхніка не належыць яму.
Як кажа Андрэй Драздоў, пэнсія ў яго — 100 рублёў. Ён спадзяваўся, што штраф будуць вылічваць зь яе. Ён жа будзе жыць з таго, што заробіць рэстаўраваньнем старых кніг, мэблі і кампутарнай тэхнікі. Калі ёсьць замовы, то за месяц зарабляе да 200 рублёў. Разьлічваць на дапамогу родзічаў яму не выпадае. Брат жыве не ў Магілёве, а маці памерла.
«Я так зразумеў, — кажа ён, — што пэнсію з рахунку будуць забіраць, пакуль ня выплаціцца запазычанасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
Андрэй Драздоў расказвае, як яго затрымалі, зьбілі і асудзілі
«12 жніўня з прыяцелем чакаў тралейбус на праспэкце Пушкіна. Гэта было пасьля 10-й вечара. Людзей было няшмат, і раптам адключылася асьвятленьне. Пад’ехаў аўтобус, зь якога выскачылі некалькі дзясяткаў людзей у чорным. Яны хапалі ўсіх, хто трапляўся ім пад руку, забягалі ў двары і кідалі людзей у аўтазак, які пад’ехаў за аўтобусам.
На прыпынку разам з намі стаялі чалавек пяць, іх і нас таксама — у аўтазак. Амапаўцы кінуліся былі мяне круціць, але я іх папярэдзіў, што інвалід і зь імі бегаць ня здолею. Яны супакоіліся і дапамаглі залезьці ў аўтазак. Праўда, забралі тэлефон.
У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі спачатку ўсё нармальна было. Падчас вобшуку запыталі пароль ад тэлефона, я сказаў. Чамусьці аформілі як удзельніка несанкцыянаванага мітынгу, на якім я нешта крычаў. Міліцыянт з прозьвішчам Цярэнцій, які афармляў пратакол, напісаў, што сам бачыў мяне на мітынгу. Мне ён здаўся адэкватным чалавекам. Мне дазволілі сядзець як інваліду. Іншыя затрыманыя стаялі.
Потым у кабінэт ускочыў мужчына 40-45 гадоў дужага целаскладу зь відэакамэрай. Некалькі разоў ударыў па маіх нагах, схапіў за куртку, парваў яе і сьцягнуў мяне на падлогу. Усё гэта здымаў на камэру. Крычаў, каб я назваў сябе і дадаў: „Хочаш, каб цябе ў ж..пу вы...лі?“ Пазьней я даведаўся ад іншых затрыманых, што гэты мужчына бегаў да ўсіх з камэрай і кожнага біў.
Міліцыянты, якія сядзелі ў кабінэце, сярод іх была і жанчына, ніяк не адрэагавалі на зьбіцьцё і прыніжэньне. Была цішыня, нібыта так і мелася быць.
Пасьведчаньне інваліда Андрэя Драздова Пасьля афармленьня дакумэнтаў я гадзіны паўтары чакаў у аўтазаку, пакуль яго напоўняць, каб везьці ў ізалятар.
У ізалятары, калі ўбачылі пасьведчаньне інваліда, запыталіся пра маё самаадчуваньне. Я сказаў, што яно нармальнае. Прабыў у ізалятары двое сутак. Туды прыяжджала судзьдзя Краўчанка. Сваёй віны не прызнаў, бо таго, што мне інкрымінавалі, не ўчыняў. Па твары судзьдзі было відаць, што такіх гісторыяў, як мая, яна начулася шмат. Сказала, што пакараны штрафам 270 рублёў, і ўсё. Суд быў нядоўгім.
Як вызваліўся, паехаў фатаграфаваць справу, дык яна не была пранумараваная і прашнураваная, і пасьля маёй заўвагі ўсё гэта за 20 хвілінаў зрабілі. Напісаў скаргу на факт зьбіваньня і парванай курткі ў Сьледчы камітэт. У аддзеле міліцыі праводзілі сьледчы экспэрымэнт, але там не захацелі адчыняць кабінэты. Супрацоўнік, які меўся гэта зрабіць, некуды раптоўна зьехаў.
У маім разуменьні тое, што са мною адбылося, — гэта беззаконьне. Міліцыянтам было загадана зьверху так абыходзіцца зь людзьмі, каб запалохаць іх. Гэта і было зроблена. І дагэтуль працягваюць хапаць на вуліцах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Слова вякнеш — забʼю». Як маладую сямʼю абвінавацілі ў «арганізацыі беспарадкаў» у Менску і Гомлі