8 кастрычніка ў міліцыі апынуліся мінімум трое жыхароў Жлобіна. Аказалася, недзе нехта абразіў начальніка мясцовай міліцыі, завялі крымінальную справу паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу — паклёп.
З працы ў міліцыю трапілі Сьняжана Пагодзіна і Сьвятлана Зыль. Яны сёстры, працуюць на Беларускім мэталюргічным заводзе. Па месцы іх жыхарства прайшлі ператрусы. Міліцыя забрала ноўтбукі, пляншэты, тэлефоны. Увечары Сьняжану адпусьцілі, а Сьвятлану пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
«Мяне сёньня дапытвалі сем чалавек. Я адмовілася сьведчыць супраць сябе. Мне казалі: „Прызнайся, іншыя ўжо прызналіся!“ Але ў чым? Нібыта хтосьці недзе распаўсюдзіў асабістыя зьвесткі ці міліцыянтаў, ці начальніка іх. Пыталіся, якія групы ў тэлеграме я ведаю, ці ведаю „Свободный Жлобин“ і „Каратели Беларуси“, ці даваў мне хто заданьне зьбіраць інфармацыю пра міліцыю. Шчыра — я ня ведаю, чаму яны прыйшлі менавіта да мяне з такімі пытаньнямі», — кажа Сьняжана Пагодзіна.
Раней да яе ўзьнікалі пытаньні на працы за запісы ў Instagram кшталту «Верым, можам, пераможам».
«Мне міліцыянт казаў на вобшуку: „Вы, змагары, для чаго вы нас паліваеце гразьзю?“ Хаця нікога мы гразьзю не палівалі», — дадала Сьняжана.
Яе сястра Сьвятлана засталася ў ІЧУ.
Там жа жыхар Жлобіна Вячаслаў Петрачэнка. Ён таксама працуе на БМЗ. Ад панядзелка быў на зборах у Гомлі. Учора па месцы яго жыхарства прайшоў ператрус. Родныя кажуць, што Вячаслаў у ІЧУ у той жа справе, што і Сьвятлана.
11 верасьня Вячаслава Петрачэнку судзілі за ўдзел у акцыі. Тады суд яго апраўдаў.