Чым будзе займацца Беларускі фонд культурнай салідарнасьці

Творцаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю, звальняюць з працы, арыштоўваюць, зрываюць іх выступы, аказваюць на іх псыхалягічны ціск. Каб падтрымаць выдатных прадстаўнікоў супольнасьці, быў створаны Беларускі фонд культурнай салідарнасьці. ​

Амаль 1300 дзеячаў культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваньнем прызнаць прэзыдэнцкія выбары несапраўднымі і спыніць гвалт сілавых структур.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 800 беларускіх дзеячоў культуры выказаліся супраць гвалту і фальсыфікацый

Галоўная мэта фонду — дапамагчы юрыдычна, матэрыяльна і псыхалягічна тым, каго звольнілі/звольняць, хто сышоў на знак пратэсту ці апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі.

Сяргей Будкин

Другі кірунак дзейнасьці — спрыяньне вольнаму крэатыву праз падтрымку ідэяў. Перавага будзе аддавацца хуткім у пляне рэалізацыі праектам: вулічныя графіці, творчы пэрформанс, відэа-арт ды іншыя.

Фонд узначалілі культурны мэнэджар і прадусар Cяргей Будкін, а таксама сьпявачка ды актывістка Марына Шукюрава (Руся).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Будкін зьехаў у Вільню і ўзначаліў Беларускі фонд культурнай салідарнасьці

«Для мяне магчымасьць папрацаваць у фондзе — спроба „склеіць і сшыць“ дзьве Беларусі, у якіх мы жылі дагэтуль. Я веру, што дзеячы культуры здольныя аб’яднацца цяпер на галоўнай падставе. Нам патрэбны зьмены, і на гэта трэба накіраваць усе сілы. З астатнімі пытаньнямі разьбяромся ў працоўным рэжыме пасьля перамогі», — адзначыў Сяргей Будкін.

Кіраўніцтва разьлічвае, што дзейнасьць фонду прыцягне ўвагу беларускага грамадзтва, міжнароднай супольнасьці і мэдыя да вольнай культуры, паспрыяе адбудове эфэктыўных крэатыўных альянсаў ды супольных праектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпявачка Руся зьехала зь Беларусі, але працягвае з-за мяжы дапамагаць пацярпелым

Руся

«Я прыняла прапанову працаваць у фондзе, бо не магу зьмірыцца з тым, што ўлада зрабіла з маімі сябрамі і краінай. У сучасным сьвеце публічнасьць і мэдыйны ціск — гэта моцная зброя. На гэты момант наша адзіная магчымасьць яднацца — трымацца і разам дасягнуць галоўнай мэты: жыць у новай Беларусі», — дадала Марына Шукюрава.

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці зьяўляецца адгалінаваньнем фонду BY_SOL. Яго дзейнасьць таксама падтрымліваюць прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнэс-колаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра вайну сыстэмы супраць культуры: «Мяне проста скідвалі з пасады»

Мэдыйнай пляцоўкай фонду будзе адноўлены TuzinFM — інфармацыйны партал пра культурны супраціў і актуальную культуру.

Падрабязнасці — на старонцы фонду і ў суполцы на Facebook.