Трое загінулі, 500 выпадкаў катаваньняў, 1800 заяваў пра гвалт — праваабаронцы расказалі пра Беларусь пасьля выбараў

Ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў, якія перавысілі службовыя абавязкі, не заведзена, — сьцьвярджаюць праваабаронцы.

Беларускія праваабаронцы прэзэнтавалі даклад «Аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі ў поствыбарчы пэрыяд», які накіраваны дакладчыку, прызначанаму ў рамках Маскоўскага мэханізму АБСЭ.

У падрыхтоўцы дакладу бралі ўдзел Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі Камітэт, БАЖ у партнэрстве з Усясьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў (OMCT) і FIDH.

«Міліцыя абсалютна непрапарцыйна прымяніла спэцсродкі і зброю»

Праваабаронцы прааналізавалі беларускае заканадаўства, у прыватнасьці, Закон аб органах унутраных спраў, які дакладна прапісвае ўсе падставы прымяненьня зброі і абставіны, калі нельга прымяняць зброю. Зброя ня можа выкарыстоўвацца пры вялікім зграмаджэньні людзей, у прысутнасьці жанчын і непаўналетніх. За выключэньнем выпадкаў збройнага нападу, тлумачыць юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Юрыст адзначыў, што некаторыя віды зброі і спэцсродкаў у Беларусі 9–11 жніўня выкарыстоўваліся ўпершыню. Да прыкладу, гумовыя кулі, ад якіх людзі атрымалі вельмі глыбокія раны. Шырока выкарыстоўваліся і сьвятлашумавыя гранаты.

«Толькі ў Менску па мэдычную дапамогу зьвярнулася больш за 1200 чалавек у першыя 3 дні пасьля выбараў. Многія атрымалі вельмі цяжкія раненьні аскепкамі, маладому чалавеку адарвала ступню.

Міліцыя абсалютна непрапарцыйна сытуацыі ў парушэньне нацыянальнага заканадаўства прымяніла спэцсродкі ва ўмовах вялікай колькасьці людзей, ня выбарачна», — робіць выснову праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч, старшыня БХК Алег Гулак, юрыст Павал Сапелка, прадстаўніца БАЖ Вольга Сяховіч

Права на жыцьцё: 3 чалавекі загінулі

Як мінімум двух чалавек застрэлілі падчас акцый пратэсту, адзін памёр ад неаказаньня мэдычнай дапамогі, аднаго знайшлі павешаным.

У Менску загінуў Аляксандар Тарайкоўскі — у яго была адкрытая рана грудзей і вялікая страта крыві. Вэрсія міліцыі, што ў яго ў руках было выбуховае прыстасаваньне, была абвергнута відэазапісам.

«Гэта крымінальнае злачынства, павінна быць дадзена прававая ацэнка і заведзена крымінальная справа.Тарайкоўскі быў пазбаўлены жыцьця неабгрунтавана», — перакананы Валянцін Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У Берасьці Генадзь Шутаў быў забіты з табэльнай зброі, стрэлам зь пісталета ў галаву. Першасная афіцыйная вэрсія, што ён нападаў на супрацоўніка міліцыі, была абвергнута двума відэа.

Аляксандар Віхор у Гомлі спачатку быў дастаўлены з аўтазака ў псыхбальніцу. Потым яго даставілі ў звычайны шпіталь, дзе ён памёр. Крымінальнай справы таксама не распачыналі. Праводзіцца праверка, кажа далей Валянцін Стэфановіч.

«На ўсе нашы запыты нам адказвалі, што інфармацыя непублічная і да яе абмежаваны доступ. А пракуратура адказала, што наагул не валодае інфармацыяй. Таму мы патрабуем прадставіць поўную інфармацыю аб пацярпелых і колькасьці загінулых», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Падчас прэзэнтацыі дакладу

Зафіксавана больш за 500 выпадкаў катаваньняў, 1800 чалавек зьвярнуліся ў сьледчыя органы

У цэнтры ўвагі ў дакладзе — катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі.

Катаваньні прымяняліся паўсюль: у ізалятарах часовага ўтрыманьня, у ЦІП, райаддзелах міліцыі, пастарунках, турмах. Пералік паказвае маштаб абсалютна ідэнтычных дзеяньняў сілавікоў і ў Менску, і ў абласных гарадах, і ў райцэнтрах.

«Аднолькава катавалі і ў Менску, і ў Лідзе. Аналіз паказвае, што вялікая колькасьць ахвяр былі выпадковымі людзьмі.

Прычым сярод выпадковых вылучаліся пэўныя людзі (у якіх была сымболіка, якія карысталіся пэўнымі тэлеграм-каналамі, у тэлефонах якіх былі фота затрыманьняў). Брутальна абыходзіліся з тымі, хто аказваў дапамогу пацярпелым, з валянтэрамі. Катавалі людзей зь незвычайным зьнешнім выглядам: пірсінгам, каляровымі валасамі.

Неадэкватна жорсткае стаўленьне было да журналістаў, фатографаў, блогераў», — пералічвае катэгорыі ахвяр Павал Сапелка.

Праваабаронцы апыталі больш за 500 чалавек, якія сьведчылі пра катаваньні толькі ў Менску. Ёсьць відэаінтэрвію, шматлікія фота зьнявечаных, зьбітых, мэдычныя дакумэнты — даведкі, зафіксаваныя пабоі, траўмы, раненьні.

Валянцін Стэфановіч і Павал Сапелка

На думку юрыста Паўла Сапелкі, катаваньні мелі масавы характар, былі палітычна матываваныя. Аднак знайсьці канкрэтных выканаўцаў цалкам магчыма — зьвестак хапае.

Тэрмін даўнасьці па гэтых справах — 10 гадоў. Вынікі праверак таксама павінны захоўвацца як мінімум 10 гадоў, таму ўсё ж ёсьць надзея на расьсьледаваньне, перакананы Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Злачынствы супраць чалавечнасьці». Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да пратэстоўцаў

Адзначана 300 парушэньняў правоў журналістаў, 180 выпадкаў затрыманьня журналістаў

Прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Сяховіч нагадала, што крымінальныя справы супраць 9 блогераў былі заведзеныя яшчэ да выбараў.

Замежных журналістаў на выбары ў Беларусь папросту не акрэдытоўвалі — каля 100 заявак на акрэдытацыю не былі разгледжаныя МЗС. Прынамсі 50 журналістаў не маглі ўехаць у Беларусь, іх спынілі на мяжы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала з 9 жніўня больш за 300 парушэньняў правоў журналістаў, 180 выпадкаў затрыманьняў. Кожны трэці затрыманы журналіст казаў пра гвалт пры затрыманьні.

«Толькі ў адзін дзень —27 жніўня — у Менску і Берасьці было затрымана 47 журналістаў. Нягледзячы на тое, што ёсьць артыкул „Перашкоды дзеяньням журналістаў“, ніводнай крымінальнай справы не заведзена.

Павал Сапелка і Вольга Сяховіч

Журналістку Натальлю Лубнеўскую падчас працы прыцэльна паранілі гумовай куляй — справу таксама не заводзілі, праверку зноў працягнулі. 23 верасьня завялі справу на галоўнага рэдактара „Нашай Нівы“ Ягора Марціновіча паводле артыкула 188 КК (паклёп. — РС.).

Пазбаўленьне акрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў — наагул беспрэцэдэнтнае дзеяньне беларускага МЗС, цяпер замежныя журналісты ў Беларусі легальна працаваць ня могуць», — нагадала Вольга Сяховіч.

Нават у парлямэнтароў няма інструмэнтаў узьдзеяньня на сілавікоў

Прааналізаваўшы даклад і іншыя абставіны, праваабаронцы зрабілі выснову: гэта былі ня проста «эксцэсы выканаўцы», ня проста асобныя садысцкія дзеяньні асобных службоўцаў.

«Гэта мэтанакіраваная ўстаноўка сілавых структур і дазвол дзяржавы на тое, каб такія дзеяньні былі. Так, затрымлівалі — выпадкова, а білі — мэтанакіравана.

Пры такіх абставінах цяжка чакаць, што сілавікі, праваахоўнікі самі пачнуць супраць сябе разбор, завядуць крымінальныя справы, запусьцяць тыя працэдуры, якія дакладна і адназначна прапісаныя ў беларускім крымінальным заканадаўстве.

Таму ніводная крымінальная справа не заведзеная», — канстатуе прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Ён расказаў, як праваабаронцы 14 жніўня сустракаліся з групай парлямэнтароў, казалі, што факты ня згубяцца, замаўчаць не атрымаецца. Праваабаронцы настойвалі, што парлямэнт павінен умяшацца.

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч, старшыня БХК Алег Гулак, прадстаўніца БАЖ Вольга Сяховіч, юрыст Павал Сапелка

«Аднак у кулюарах нам сказалі: у нас няма інструмэнтаў узьдзеяньня на сілавікоў. Каб трапіць на Акрэсьціна, дэпутатам патрэбны дазвол МУС. Хто ж нам дасьць яго?»

Мы казалі, што для таго, каб у грамадзтве вярнуць давер да ўлады, трэба вызваліць палітзьняволеных, запусьціць працэс расьсьледаваньня катаваньняў, забойстваў, запусьціць крымінальныя справы. Толькі тады можа быць распачаты дыялёг паміж грамадзтвам і ўладай«, — сказаў Алег Гулак.

«Сыстэма заснаваная на фальсыфікацыях, беззаконьні і беспакаранасьці і кіруецца вышэйшымі ўладамі»

Беларусь груба парушае міжнародныя стандарты і яшчэ грубей парушае сваё нацыянальнае заканадаўства, кажа праваабаронца.

«Заведзена каля 300 спраў супраць людзей, якія дэманструюць сваю нязгодную пазыцыю, якая не падабаецца ўладам. Па любой драбязе заводзяцца крымінальныя справы. І нічога аб катаваньнях.

Гэтая сыстэма заснаваная на фальсыфікацыях, беззаконьні і беспакаранасьці, мэтанакіравана створана і кіруецца вышэйшымі ўладамі.

Улады баяцца, што калі кагосьці пакараюць, сыстэма перастане працаваць. З другога боку, паўтаруся, сыстэма створаная і кіруецца вышэйшым кіраўніцтвам, і з прычыны саўдзелу ў гэтых усіх беззаконьнях і злачынствах не праводзяцца законныя працэдуры», — перакананы праваабаронца Алег Гулак.