Справу Ўладзімера Родчанкі разгледзелі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 7 кастрычніка. Яму прысудзілі штраф 675 рублёў.
Гарадзенец Уладзімер Родчанка 12 жніўня выйшаў на плошчу Леніна з фатаграфіяй 5-гадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Разам з паплечнікамі ён стаў на калені перад аблвыканкамам. Амаль адразу іх затрымалі невядомыя ў масках, пабілі і завезьлі ў аддзел міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні людзі выйшлі на плошчу з партрэтамі дзяўчынкі, параненай у аварыі з вайсковай машынай. ФОТАРодчанку вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, бо «дэманстраваў плякат зь дзіцем у крыві». Родчанка віны не прызнаў.
Уладзімер працуе праграмістам, яму 32 гады, жанаты, двое малых дзяцей. Справу Родчанкі разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка пасьля таго, як яе вярнулі з дапрацоўкі.
Адвакат Родчанкі Аляксандар Бірылаў заявіў хадайніцтва, каб на судзе апыталі супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі дакумэнты, супрацоўнікаў АМАПу, якія прымянялі сілу, ДАІ, лекараў, якія даставілі Родчанку зь міліцыі ў шпіталь. Суд задаволіў апытаць толькі двух міліцыянтаў Гаўрылюка і Казлоўскага, якія складалі дакумэнты, што да іншых, адмовіў, бо няма падставаў для выкліку або няма прозьвішчаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенец расказаў пра зьбіцьцё пасьля таго, як ён стаў на калені з партрэтам пацярпелай дзяўчынкі. ВІДЭАХадайніцтва аб графалягічнай экспэртызе, якая магла б пацьвердзіць, што Родчанка падпісваў дакумэнты «ў незвычайным стане», то бок калі ён быў пабіты і пад ціскам, суд адхіліў.
На большасьць пытаньняў Бірылава да прадстаўніка ЎУС Горадзенскага аблвыканкаму Яршова той ня здолеў адказаць.
Родчанка на судзе расказаў, што яго затрымлівалі людзі ў балаклавах са словамі «Ну што, грошы вы адпрацавалі. Паехалі ў РАУС».
Ён паведаміў, што ў мікрааўтобусе, на якім яго і паплечнікаў везьлі ў міліцыю, зь яго зьдзекаваліся, іх білі, ім пагражалі, паставілі на калені ў праход, размалявалі маркерамі. Білі таксама ў РАУС, у тым ліку на ўсе ягоныя спробы падаць заяву або скаргі. У міліцыі ён знаходзіўся на падлозе. Пасьля зьбіцьця Родчанка 10 дзён правёў у шпіталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадзенца, які стаў на калені з плякатам пацярпелай дзяўчынкі, ня здолелі засудзіць зь першай спробыМіліцыянт Казлоўскі, які суправаджаў Родчанку ў РАУСе, заявіў у судзе, што Родчанку ня білі, рукі ў яго не былі счэпленыя плястыкавай сьцяжкай, яму патлумачылі ягоныя правы перад апытаньнем у міліцыі.
Адвакат Бірылаў зьвярнуў увагу на парушэньне тэрмінаў пры складаньні дакумэнтаў у справе Родчанкі, супадзеньне тэкстаў ажно да памылак у розных дакумэнтах у справе Родчанкі, таксама што ніводны сьведка ў справе ня бачыў, як Родчанка пікетаваў на плошчы. У міліцыі пацьвердзілі, што пікет ня быў дазволены гарвыканкамам, на наступны дзень пасьля складаньня пратаколу, што ня можа быць доказам віны мужчыны.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.