Упраўленьне ўнутраных спраў Менскага райвыканкаму абскардзіла рашэньне раённага суду адносна назіральніка Кірыла Аношкі. Аднак Менскі абласны суд 6 кастрычніка таксама апраўдаў назіральніка.
Менскі раённы суд 9 верасьня не задаволіў пазоў сакратаркі ўчастковай выбарчай камісіі № 53 аграгарадка Калодзішчы Ірыны Паповай да незалежнага назіральніка Кірыла Аношкі, на якога быў складзены пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КоАП).
Сакратарка камісіі, паводле Кірыла Аношкі, у судзе «фактычна зьняпраўдзіла пратакол сваімі паказаньнямі». Справу спынілі празь недаказанасьць віны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд спыніў справу супраць назіральніка, якога вінавацілі ў хуліганствеПасьля суду начальнік упраўленьня Менскай раённай міліцыі падпалкоўнік Пручкоўскі абскардзіў пастанову ў абласны суд з прычыны «аднабаковасьці, непаўнаты і неаб’ектыўнага дасьледаваньня абставінаў адміністрацыйнага правапарушэньня». Падпалкоўнік Пручкоўскі прасіў адмяніць пастанову і накіраваць справу на новы разгляд.
Паводле Кірыла Аношкі, у абласны суд, які не задаволіў скаргу, міліцыя не прыслала сваіх прадстаўнікоў.
«Незвычайна, што нават „пацярпелая“ ня мае ніякіх прэтэнзій, але ж у міліцыянтаў яны зьявіліся. Паскардзіцца вышэй яны ўжо не пасьпеюць, бо праз два дні міне двухмесячны тэрмін для адміністрацыйных спраў», — сказаў Свабодзе Кірыл Аношка.