Часовы пракурор адмяніў вынікі выбараў у Кіргізстане. Што адбываецца ў Бішкеку

Пратэст у Бішкеку

Раніцай былы намесьнік сакратара Рады бясьпекі Кіргізстану Амурбек Суваналіеў узяў на сябе кіраваньне сілавымі ведамствамі.

Часовым пракурорам стаў былы міністар юстыцыі Алмамбет Шыкмаматаў, які адразу ануляваў вынікі парлямэнцкіх выбараў, паведамляе «Настоящее время».

Прэзыдэнт Сааранбай Джээнбекаў заявіў, што кантралюе сытуацыю.

Пратэстоўцы ўначы

  • захапілі Белы дом, у тым ліку кабінэт прэзыдэнта, у Белым доме быў пажар,
  • захапілі Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі,
  • узялі пад кантроль Грамадзкую тэлерадыёвяшчальную карпарацыю,
  • вызвалілі з турмы экс-прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева, асуджанага сёлета на 11 гадоў.
  • вызвалілі з калёніі былога прэм'ер-міністра Кіргізстану Сапара Ісакава, асуджанага на 15 гадоў за карупцыю.
  • прызначылі новага генэральнага пракурора, новага камэнданта Бішкеку і новага кіраўніка Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі

Пажар у бішкецкім Белым доме

Як разьвіваліся падзеі

Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы Бішкеку раніцай 5 кастрычніка на знак непрызнаньня вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 4 кастрычніка. Вечарам для разгону натоўпу ад будынку парлямэнту і Адміністрацыі прэзыдэнта дзясяткі сілавікоў ўжылі сьлёзацечны газ, гумовыя кулі, сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты.

1 чалавек загінуў, 13 у рэанімацыі, 150 шпіталізавалі, амаль 600 аказалі мэдычную дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць мітынгоўцаў у Бішкеку прымянілі вадамёты і сьвятлашумавыя гранаты

Пратэстоўцы разышліся, але пазьней, калі яны ізноў прыйшлі да будынку парлямэнту, сілавікі не аказвалі ім супраціву.

Пасьля ночы пратэстаў лідэр адной з прайграўшых партыяў «Ата Мекен» ( «Радзіма») Жанар Акаеў, паводле Медузы, заявіў, што ў Кіргізстане замест дзеючага ўраду будзе склікана народны ўрад і прызначаны новы прэм’ер-міністар. Адначасова з гэтым паўнамоцныя прадстаўнікі ўраду ў трох абласьцях Кіргізстану падалі ў адстаўку.

Апазыцыянэры прызначылі новага камэнданта Бішкеку, а таксама кіраўніка Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі.

Былы дэпутат Алмамбет Шыкмаматаў паведаміў, што стаў новым генэральным пракурорам; ён адмяніў вынікі парлямэнцкіх выбараў, а таксама паабяцаў арыштаваць «усіх датычных да маштабных фальсыфікацый» на выбарах.

Рэакцыя прэзыдэнта

Апазыцыя мае намер адхіліць ад пасады прэзыдэнта Кіргізстану Сааранбая Жээнбекава, паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік апазыцыйнай нацыянал-патрыятычнай партыі «Чон казат» («Вялікі паход») Максат Мамытканаў. Таксама апазыцыянэры выступаюць за прыняцьце новай Канстытуцыі краіны.

Дзеючы прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў заявіў, што ноччу ў краіне адбылася спроба незаконнага захопу ўлады. Ён заклікаў апазыцыйныя партыі «прыбраць сваіх прыхільнікаў з вуліц», а таксама абвясьціў, што аддаў сілавікам загад не адкрываць агонь па пратэстоўцам.

«Заклікаю ўсіх маіх суайчыньнікаў захоўваць мір і не паддавацца заклікам правакацыйных сіл. Мір у нашай краіны і бясьпека нашага грамадзтва — гэта самыя важныя рэчы. Я заклікаю ўсе сілы паставіць лёс краіны вышэй палітычных амбіцый і вярнуцца ў прававое поле», — сказана ў заяве прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы вызвалілі экс-прэзыдэнта Кіргізстану Атамбаева

Раней прэс-сакратар прэзыдэнта паведамляў, што Жээнбекаў кантралюе сытуацыю ў краіне, але дапускае парлямэмагчымасьць ануляваньня вынікаў парлямэнцкіх выбараў.

Вынікі парлямэнцкіх выбараў

У парлямент Кіргізстану, паводле папярэдніх вынікаў, прайшлі чатыры партыі, якія пераадолелі 7-адсоткавы бар’ер. Большасьць галасоў атрымалі партыя «Бірымдык» («Адзінства»), зьвязаная зь сям’ёй прэзыдэнта краіны, і партыя «Мекен Кіргізстан» («Родны Кіргізстан»), якую зьвязваюць з уплывовым клянам братоў Матраімавых. Абедзьве партыі сумарна атрымалі амаль палову месцаў у парлямэнце. Таксама сваіх дэпутатаў на выбарах правялі партыі «Кіргізстан» і «Бутун Кіргізстан» («Адзіны Кіргізстан»).

Яшчэ 12 кіргізскіх партый запатрабавалі ануляваць вынікі парлямэнцкіх выбараў. У праўладнай партыі «Бірымдык» заявілі, што гатовыя ўдзельнічаць у паўторных выбарах.

ЦВК Кіргізстану паведаміла, што ў парлямэнт праходзяць чатыры партыі, якія пераадолелі 7-адсоткавы бар’ер, а дзьве праўладныя партыі атрымалі пераканаўчую перамогу, атрымаўшы прыкладна па 24% галасоў кожная. Несумленнымі назвалі выбары нават прадстаўнікі партыяў, якія змаглі прайсьці ў парлямэнт.

За што асудзілі Атамбаева

Экс-прэзыдэнт Алмазьбек Атамбаеў быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўленьня волі ў чэрвені 2020 году. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі карупцыі ў справе аб незаконным вызваленьні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.

Атамбаева афіцыйна арыштавалі і абвінавацілі ў карупцыі ў жніўні 2019 года. Спэцназ ДКНБ Кіргізстану затрымаў Атамбаева 8 жніўня ў Кой-Таше, здолеўшы з другога разу ўзяць штурмам ягоную рэзыдэнцыю. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і прыхільнікамі прэзыдэнта загінуў спэцназавец, амаль сто чалавек пацярпелі.

Фота Алмазьбека Атамбаева пасьля вызваленьня апублікавала ў Фэйсбуку дарадца былога прэзыдэнта Кундуз Джалдубаева.

Posted by Kunduz Zholdubaeva on Панядзелак, 5 Кастрычнік 2020 г.