Ініцыятыва «Честные люди» прапануе абысьці выбарнікаў на сваім участку, сабраць подпісы тых, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую, і перадаць дакумэнты на праверку ў кампэтэнтныя органы.
«Усе супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС — на выезьдзе. Чакайце, калі вернуцца»
Гэта ўжо трэцяя спроба ініцыятывы штабу Віктара Бабарыкі «Честные люди» дамагчыся сумленнага падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Спачатку неабвержныя доказы фальсыфікацыяў сабралі і перадалі ў ЦВК, але яна ўсе скаргі адхіліла. Другім крокам быў Вярхоўны суд, але ён таксама не знайшоў ніякіх парушэньняў.
2 кастрычніка назіральнік Сяргей Лапцэвіч падрыхтаваў чарговы пакет дакумэнтаў на 36 старонках і хацеў падаць скаргу для праверкі ў Фрунзэнскае РУУС. Асабіста падаць скаргу ў РУУС не ўдалося — выявілася, што ўсе супрацоўнікі, якія прымаюць грамадзян, «на выезьдзе».
«Вы ў чарзе чацьвёртыя», — паведаміла дзяжурны сяржант на ўваходзе ў Фрунзэнскае РУУС і паказала на людзей, якія таксама чакалі. Цягам гадзіны чарга ня рухалася, ніводзін супрацоўнік раённай міліцыі з выезду так і не вярнуўся.
«Калі вернецца хтосьці з супрацоўнікаў і колькі часу чакаць — непрадказальна. Калі няма часу, прыходзьце вечарам, пасьля 20-й гадзіны, мо тады тут чаргі ня будзе», — параіла сяржант.
Таму Сяргей Лапцэвіч вымушаны быў паслаць дакумэнты поштаю.
Назіральнік Сяргей Лапцэвіч прайшоў ужо некалькі этапаў абскарджваньня вынікаў выбараў на сваім участку.
«Я падаваў заяву спачатку ў пракуратуру. Адтуль мяне перанакіравалі ў Фрунзэнскае РУУС. Атрымаў адпіску. Падаў заяву ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму — а яны спусьцілі дакумэнты назад у Фрунзэнскае РУУС. Уяўвіце — усе мае заявы разварочвалі без разгляду сутнасьці, вярталі назад у РУУС. То бок я атрымліваў адпіскі. Цяпер чарговая спроба», — тлумачыць Сяргей Лапцэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі пратэст — гэта пажар на балоце». Інтэрвію экс-амбасадара Ігара Ляшчэні, які падтрымаў мірныя пратэсты. ВІДЭА
«На датэрміновым галасаваньні мы налічылі 750 чалавек, у пратаколах пазначана ўдвая больш — 1 500»
Сяргей Лапцэвіч быў назіральнікам на ўчастках № 13 і 14 Фрунзэнскага раёну Менску, якія знаходзіліся ў будынку сярэдняй школы № 23 у мікрараёне Сухарава. Дырэктарка школы Сачко Сьвятлана Вячаславаўна — старшыня адной камісіі, яе намесьніца Ананіч Дар’я Аляксееўна — старшыня другой. Сябры камісіяў — падначаленыя ім настаўнікі. Назіральнікі, якіх пусьцілі на ўчасткі, — таксама супрацоўнікі гэтай школы. Незалежных назіральнікаў у будынак не пусьцілі, яны маглі толькі лічыць людзей, якія ўвайшлі ў будынак.
Сяргей кажа, што сам бачыў вельмі шмат людзей зь белымі стужкамі, якія прыйшлі на выбары. А ў выніку лічбы назіральнікаў не сышліся з пратаколамі.
«На датэрміновым галасаваньні мы налічылі 750 чалавек, якія ўваходзілі ў школу і выходзілі зь яе. А ў пратаколах пазначана 1500 тых, хто прагаласаваў. Адкуль узяліся яшчэ 750 выбарнікаў — незразумела.
Таму адразу пасьля выбараў мы ініцыявалі збор подпісаў тых, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. І літаральна ў першы дзень сабралі больш подпісаў, чым было ў выніковым пратаколе. Прычым мы працавалі толькі па адной гадзіне тры вечары. У выніковым пратаколе пазначана 95 подпісаў за Ціханоўскую, а мы сабралі 394 подпісы людзей, якія прагаласавалі за яе.
Гэта мусяць вывучыць кампэтэнтныя органы. І даць праўную ацэнку», — перакананы праграміст Сяргей Лапцэвіч.
Назіральнік кажа, што пратаколы ўвечары 9 жніўня зьявіліся, аднак не адразу. А толькі тады, калі сябраў участковых камісіяў вывезьлі з будынку школы.
«Там стаялі аўтазакі, я іх бачыў, пакуль мы чакалі вынікаў выбараў. Прыехаў бусік. Вывозілі сябраў камісіяў не праз цэнтральны ўваход. Пагасьлі ўсе вокны ў школе, пратаколаў нідзе не было. Я сам асабіста праверыў, мы з выбарнікамі, якія чакалі вынікаў, не сыходзілі. Праз хвілін 40 у адным вакне запалілася сьвятло і зьявіліся пратаколы. Хтосьці іх вывесіў», — кажа Сяргей Лапцэвіч.
З пратаколу вынікае, што за Лукашэнку прагаласавалі 1137 выбарнікаў, за Сьвятлану Ціханоўскую — 95. У нашых далёка ня поўных сьпісах — прынамсі 395. Таму «Честные люди» не спыняюцца і працягваюць дамагацца сумленных падлікаў вынікаў выбараў«, — кажа Сяргей Лапцэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі адрэагавалі на заявы пра катаваньні і згвалтаваньні затрыманых дэманстрантаўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні звольнілі супрацоўніка МНС, які хацеў даведацца вынікі выбараў, а пачуў: «Усіх у аўтазак!»