Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні звольнілі супрацоўніка МНС, які хацеў даведацца вынікі выбараў, а пачуў: «Усіх у аўтазак!»


Андрэй Аліферчык
Андрэй Аліферчык

Гарадзенца Андрэя Аліферчыка звольнілі зь Міністэрства надзвычайных сытуацый, дзе ён адпрацаваў 22 гады. Акрамя таго, ён мусіць выплаціць працадаўцы 4550 рублёў.

«Нехр*** швэндацца каля школы. Усіх у аўтазак»

Андрэю Аліферчыку 42 гады. Працаваў камандзірам аддзяленьня ва ўпраўленьні МНС у Горадні пры прадпрыемстве «Хімвалакно», якое належыць «Гродна Азоту». Сёлета ў жніўні яго звольнілі. Ён мяркуе, што з палітычных матываў.

Андрэй не дапрацаваў 24 дні да канца кантракту, таму павінен вярнуць працадаўцы 4550 рублёў. Такое ўзнагароджаньне выплачваюць сілавікам з умовай — адпрацаваць увесь тэрмін кантракту.

Па вэрсіі Аліферчыка, ён разам з жонкай увечары 9 жніўня пайшоў на свой выбарчы ўчастак, каб убачыць выніковыя пратаколы. Участак месьціўся ў школе № 39 у мікрараёне Альшанка ў Горадні. Там сабралася каля 10-15 выбарцаў. Людзі размаўлялі паміж сабой, не выгуквалі лёзунгаў, не трымалі сьцягоў ці плякатаў. Неўзабаве прыехалі амапаўцы ў масках.

«Я асабліва не перажываў. Думаў, што я супрацоўнік... Гэты дзядзька скамандаваў: «Гэтага, гэтага і гэтага — у аўтазак». Пятым аказаўся я. Па дарозе я патлумачыў, што я супрацоўнік. Ён паглядзеў маё пасьведчаньне. Паклікаў старшага. Сказаў: «Таварыш маёр, паглядзіце». Той сказаў: «Нехр*** швэндацца каля школы. Усіх у аўтазак», — успамінае Андрэй.

Затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку яго з жонкай. Ноч сужэнцы правялі ў ізалятары. 10 жніўня кожнага зь іх асудзілі на 270 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Андрэй падпісаў пратакол, нібыта зь ім згодны, бо ў адваротным выпадку яго пагражалі пакінуць на 15 сутак.

Як адрэагавалі на працы

Кіраўніцтва горадзенскага МНС прыяжджала ў ізалятар 10 жніўня. Па словах Аліферчыка, яму прапанавалі два варыянты. Першы — звольніцца «па згодзе бакоў». Другі — пачаць службовую праверку, пасьля якой ён можа пазбавіцца сваёй пэнсіі. Да таго ж казалі, што ў начальніка часткі могуць быць праблемы, а сям’ю могуць паставіць у сацыяльна небясьпечнае становішча, бо дзеці ў тую ноч заставаліся дома адны. У Аліферчыкаў двое дзяцей, старэйшы сын паўналетні, малодшая дачка ходзіць у 3 клясу. У ноч з 9 на 10 жніўня яны былі з бабуляй.

Андрэй пагадзіўся напісаць рапарт «па згодзе бакоў». Цяпер кажа, што тады ня выспаўся, кепска цяміў. Па ягоных словах, ён падпісваў дакумэнты 10 жніўня. Па паперах яго звольнілі 7 жніўня, яшчэ да затрыманьня, заяву ж на звальненьне ён нібыта напісаў 4 жніўня.

Ратавальнік шукае дапамогі

Андрэй не дапрацаваў да канца кантракту 24 дні. Грошы, якія ён мусіць вярнуць, яму ўжо сабралі праз плятформу «Честные люди». Але ратавальнік хацеў бы аднавіцца на 24 дні на працы і звольніцца ўжо «па сканчэньні кантракту», каб не вяртаць узнагароджаньне. Сабраныя яму грошы ён гатовы перадаць іншым сілавікам, якія аказаліся ў падобнай сытуацыі. Аднак вяртаць ратавальніка на працу ня хоча кіраўніцтва, бо ён сам першапачаткова пагадзіўся на звальненьне «па згодзе бакоў».

За апошнія паўтара месяца Аліферчык зьвярнуўся да свайго дэпутата і да дзяржаўнага прафсаюзу, каб памаглі з аднаўленьнем на працы. У прафсаюзе абяцалі дапамагчы, калі Андрэй здыме зь сябе адміністрацыйную адказнасьць. Ён паспрабаваў абскардзіць штраф за мітынг. Аднак суд пакінуў рашэньне бязь зьменаў.

Яшчэ адну заяву Аліферчык напісаў у суд, каб аднавіцца на працы і спагнаць з МНС сярэдні заробак за час вымушанага прагулу, а таксама кампэнсацыю маральнай шкоды. Аднак 30 верасьня суд Ленінскага раёну Горадні пакінуў справу без разгляду, бо першапачаткова работнік мусіць зьвярнуцца з заявай да свайго кіраўніцтва на працу. Бліжэйшым часам Аліферчык будзе пісаць заяву ў абласное ўпраўленьне МНС.

Андрэй зьдзіўлены, што яго затрымалі толькі за тое, што прыйшоў пад школу. Выніковага пратаколу на тым участку выбарцы так і не пабачылі. Гарадзенец прызнаецца, што пра магчымыя праблемы падумаў яшчэ да таго, як пайшоў пад выбарчы ўчастак. Тады і зрабіў свой выбар.

Пакуль ён не працуе. Кажа, што любіць сваю працу. Калі б сыстэма памянялася, Андрэй хацеў бы вярнуцца туды зноў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG