Францыя, Нямеччына і Эўразьвяз імкнуцца падштурхнуць беларускія ўлады да згоды на пасярэдніцтва АБСЭ. Пра гэта прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў у аўторак на сустрэчы са студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту.
«Мы гаварылі пра гэта з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Цяпер наша мэта палягае ў тым, каб такое пасярэдніцтва адбылося ў найбліжэйшыя дні або тыдні», — сказаў францускі лідэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі разьлічвае на дапамогу АБСЭ ў дыялёгу для ўрэгуляваньня ў Беларусі і запрасіў Ціханоўскую ў ПарыжНа яго думку, Беларусь «мае патрэбу ў такім працэсе, які б забясьпечыў мірны пераход улады. Гэта дазволіла б прызнаць ўсе складовыя часткі грамадзянскай супольнасьці краіны, забясьпечыць вызваленьне з турмаў тых, хто ўтрымліваецца там за сваю палітычную дзейнасьць. І правесьці свабодныя выбары пад міжнародным наглядам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам«З гэтай мэтай мы, з аднаго боку, маем намер праводзіць палітыку ціску на Менск з дапамогай санкцый. А з другога — весьці дыялёг з Расеяй, таму што мы ня зможам дамагчыся тут вынікаў без удзелу прэзыдэнта Пуціна на гэтым этапе», — падкрэсьліў Макрон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Мы не прызнаём Аляксандра Лукашэнку як прэзыдэнта Беларусі«Мы ўжо цалкам выразна заяўлялі, пачынаючы ад жніўня, што лічылі б памылкай і недапушчальнай правакацыяй, калі б Расея ўмяшалася з выкарыстаньнем вайсковых або паліцыйных сіл. Гэта павінна заставацца справай Беларусі, а ня быць умяшаньнем яе суседзяў, і мы ўсе разам павінны весьці справу да такога пасярэдніцтва», — дадаў францускі лідэр.