27 верасьня ў Менску сёмую нядзелю запар прайшоў марш пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Лёзунгам акцыі стала «Народная інаўгурацыя сапраўднага прэзыдэнта». Паводле ацэнак агенцтваў AP і Интерфакс, у пратэсьце ўдзельнічала каля 100 тысяч чалавек.
Ад самай раніцы 27 верасьня ў цэнтар Менску сьцягнулі міліцэйскую і вайсковую тэхніку. Мэталічнай агароджай абнесьлі плошчу Незалежнасьці, шмат сілавікоў і вайскоўцаў з аўтаматамі сабралася на плошчы Перамогі і каля стэлы «Менск — горад-герой», саму стэлу абгарадзілі калючым дротам. Праспэкт Пераможцаў ад вуліцы Арлоўскай у бок стэлы перакрылі. Карыстальнікі сацсетак з раніцы паведамлялі аб прэвэнтыўных затрыманьнях у розных раёнах Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў пратэставай акцыі, ім замінаюць дабрацца ў цэнтарЗачынілі 7 станцый мэтро: «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Перамогі», «Плошча Якуба Коласа», «Няміга» і «Фрунзэнская». «З тэхнічных прычын» закрылі рэстараны KFC і «Бургер Кінг» на Нямізе, а таксама «Макдональдс» на Фрунзэнскай, не адкрыліся сёньня «Карона-Замак», гандлёвыя цэнтры «Сталіца» і «Галерэя».
Прыкладна ў 14.20 зьнік мабільны інтэрнэт. Апэратары А1 і МТС паведамілі, што гэта зроблена «ў адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў» .
У розных месцах Менску сілавікі пачалі затрымліваць людзей, не даючы ім сабрацца. Затрыманьні адбываліся на праспэктах Пераможцаў і Машэрава, на вуліцах Ціміразева, Кальварыйскай, Нямізе.
Калі ў раёне праспэкту Пераможцаў сабралася каля тысячы чалавек, туды прыехалі некалькі дзясяткаў мікрааўтобусаў зь сілавікамі ў чорным. Яны пачалі адціскаць людзей у бок вуліцы Мельнікайце і гатэлю «Плянэта». Пачаліся затрыманьні.
Нягледзячы на намаганьні сілавікоў, удзельнікам традыцыйнага нядзельнага маршу ўдалося сабрацца. Шматтысячная калёна дэманстрантаў выйшла на праезную частку праспэкту Пераможцаў і адтуль рушыла ў бок стэлы.
Дарогу ад стэлы «Менск — горад-герой» у бок Палаца Незалежнасьці перакрылі машынамі ДАІ. Каля музэю Вялікай Айчыннай вайны міліцыя праз мэгафон пачала казаць прысутным пра незаконнасьць акцыі і папярэджваць пра наступствы, прапаноўвала разысьціся — інакш будзе ўжытая фізычная сіла і спэцсродкі. У перапынках з дынамікаў гучна гучалі праўладныя патрыятычныя песьні, якія заглушалі лёзунгі дэманстрантаў.
Дзясяткі тысяч удзельнікаў маршу рушылі ад стэлы «Менск — горад-герой» па праспэкце Машэрава, дайшлі да вуліцы Багдановіча і павярнулі ў бок плошчы Бангалор, а адтуль па вуліцы Сурганава — да праспэкту Незалежнасьці. На праспэкце калёна завярнула ўлева і прайшла праз «Парк Чалюскінцаў», Нацыянальную бібліятэку ў бок Уручча.
Калі пратэстоўцы ішлі па праспэкце, зачынілі станцыі мэтро «Акадэмія навук», «Парк Чалюскінцаў», «Маскоўская» і «Ўсход». Удзельнікі акцыі скандавалі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!», «Далучайся!», «Сьвета — наш прэзыдэнт!».
Калёна дэманстрантаў, пасьля таго як яе пакінула шмат удзельнікаў, дайшла да мэтро «Ўручча». Людзі пачалі актыўна разыходзіцца ў розныя бакі. Тут пачаліся затрыманьні: байцы АМАП у шаломах і балаклавах затрымлівалі асобных удзельнікаў. Калёна разышлася цалкам, марш скончыўся.
Каля 19-й гадзіны, па завяршэньні маршу, у Менску зноў запрацаваў мабільны інтэрнэт. Прапускная здольнасьць была зьніжаная на працягу 4,5 гадзіны.
На 20.00 праваабаронцы «Вясны» сабралі прозьвішчы ўжо больш як 150 затрыманых у Менску і рэгіёнах, сьпіс дапаўняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні акцыю пратэсту жорстка разагналі ў першыя хвіліны. Дзясяткі затрыманыхГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці на акцыю пратэсту выйшлі каля 800 чалавек, затрымана больш за 10 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі супраць дэманстрантаў прымянялі газ і сьвятлашумавую ракетніцу, затрымалі 20 чалавек. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве «Народную інаўгурацыю» Ціханоўскай разагнала міліцыя. Фота