У Кіеве п’есу Курэйчыка пра жнівеньскія падзеі віталі: «Жыве Беларусь!»

Андрэй Курэйчык

Прэм’еру спэктакля вядомага беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)», пастаўленую ўкраінскім незалежным «Дзікім тэатрам», гледачы віталі воплескамі і выгукамі «Брава» і «Жыве Беларусь!».

Пастаноўку прэзэнтавалі сёньня ў Нацыянальным культурна-мастацкім комплексе «Мастацкі арсэнал» у Кіеве. У сувязі з эпідэміяй каранавірусу допуск гледачоў быў абмежаваны, але спэктакль трансьлявалі ў жывым эфіры на youtube-канале ўкраінскага тэатру.

Маналёгі, якія выконвалі ўкраінскія акторы, гучалі па-расейску і зь яскравым беларускім акцэнтам, характэрным для рэальных пэрсанажаў, вобразы якіх адлюстраваныя на падставе рэальных падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі тэатар пакажа онлайн прэм’еру п’есы Курэйчыка пра апошнія падзеі ў Беларусі. ВІДЭА

«Я за ўсё сваё жыцьцё не прыгадаю таго, што зараз адбываецца на вуліцах Менску. Гэта разьдзірае душу. Гэтая п’еса напісаная паводле рэальных падзеяў, пратэсту, які ўжо больш як месяц адбываецца ў Беларусі. Народ змагаецца ўжо 47 дзён», — сказаў Андрэй Курэйчык пасьля завяршэньня спэктакля.

Драматург расказаў пра першага загінулага ў часе беларускага пратэсту Аляксандра Тарайкоўскага, якога лічыць героем Беларусі:

«Яго застрэлілі гумовымі кулямі з мэталічнай абалонкай, тымі самімі кулямі, якія нельга выкарыстоўваць летам, бо гэта адмысловыя зімовыя кулі. Яго расстралялі ва ўпор, але крымінальную справу дагэтуль не завялі. Не завялі і крымінальныя справы па іншых семярых забітых, больш як 80 зьніклых бязь вестак і больш як 12 тысячах чалавек, якія прайшлі празь мясарубку турмаў і ізалятараў, дзе іх дапытвалі і катавалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Курэйчык напісаў п'есу пра беларускую рэвалюцыю. Прататыпы – Лукашэнка з сынам, Ціханоўская ды іншыя

Андрэй Курэйчык падзякаваў Украіне за салідарнасьць зь Беларусьсю:

«Я нават ня мог сабе ўявіць, што беларусы могуць так змагацца за свае правы. Для нас надзвычайна важна, што ёсьць падтрымка, падтрымка ўкраінцаў. Я ўдзячны „Дзікаму тэатру“, усім акторам і кожнаму, хто ўдзельнічаў у арганізацыі гэтага акту салідарнасьці. Я ўдзячны ўсім гледачам за тое, што вы прыйшлі, паглядзелі і нас падтрымалі», — падкрэсьліў Андрэй Курэйчык пасьля спэктакля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актора Купалаўскага тэатру Андрэя Дробыша

«Улады фактычна за адзін дзень разагналі Купалаўскі тэатар, акторы якога заклікалі спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. Два дні таму затрымалі аднаго з артыстаў Андрэя Дробыша і заслужаных артыстаў Беларусі ў Горадні. Там тэатар упершыню ў сваёй гісторыі спыніў спэктакль праз затрыманьні сваіх калегаў-актораў, і цяпер увесь рэпэртуар тэатру скасаваны на нявызначаны тэрмін. Так цяпер жыве наша краіна», — дадаў беларускі драматург.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы будзем ісьці да канца». У горадзенскім драмтэатры адмянілі ўсе спэктаклі

Тэатральнае чытаньне п’есы «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)» ужо адбылося ў 10 краінах сьвету і 40 тэатрах. Спэктакль перакладзены на ангельскую мову. Гэта апошняя частка трылёгіі. Першыя дзьве часткі — «Пакрыўджаныя. Расея» і «Пакрыўджаныя. Украіна» — выйшлі ў 2018 і ў 2019 гадах.

Першымі пляцоўкамі, дзе прайшлі прэзэнтацыі п’есы, сталі найбуйнейшыя тэатральныя фэстывалі Ўкраіны — «ГогольFest» і «Мельпомена Таврії», горад Хэрсон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зорка савецкага кіно Ахеджакава запісала зварот у падтрымку беларусаў

У Расеі адну з роляў у п’есе Андрэя Курэйчыка выканае акторка Лія Ахеджакава.