Адвакатку Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Пасьля абвяшчэньня прысуду ў залі крычалі «Ганьба!».
У суд Людмілу Казак не прывезьлі, судзілі праз скайп. Судзьдзя — той самы, што раней судзіў журналістаў Tut.by і агенцтва БелаПАН па нядаўняй справе журналістаў: Аляксандар Рудэнка, намесьнік старшыні суду.
Празь нейкі час пасьля абвяшчэньня прысуду Людміла Казак выйшла з ізалятара на Акрэсьціна.
Яна прадэманстравала журналістам скаргу, напісаную на кавалку тканіны, бо паперы для скаргі не далі.Скарга ад адной з сукамэрніц Натальлі Хершэ, беларускі са Швайцарыі, якую арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у жаночым маршы ў Менску 19 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магла застацца ўбаку». Супраць беларускі са Швайцарыі распачалі крымінальную справу пасьля жаночага маршуЦяпер Натальлю падазраюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў з прымяненьнем гвалту (артыкул 363.2 КК).
Паводле пратаколу, 24 верасьня ў 13.55 па вуліцы Камуністычнай, 5 Людміла Казак падчас свайго затрыманьня аказала супраціў сяржанту міліцыі Іванову Івану Іванавічу: размахвала рукамі, упіралася нагамі, спрабавала зьбегчы і не хацела ісьці ў аўтамабіль.
Падчас суду Людміла Казак расказала, што яе сілай затрымлівалі трое людзей у масках, адзін зь якіх у форме АМАПу. Яны не прадстаўляліся і не патлумачылі прычыну затрыманьня. Пасьля адвакатку адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, адабралі тэлефон і склалі пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве 30 жніўня.
У суд гэты пратакол не паступіў. Судзілі Людмілу Казак за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі». Пры затрыманьні ў сумцы адвакаткі былі матэрыялы па справе Марыі Калесьнікавай, якія ўтрымліваюць адвакацкую тайну.
«Я моцна спужалася, бо не зразумела, што адбывалася. Я адвакатка і ведаю, як паводзіць сябе пры затрыманьні. Тут са мной паступілі абсалютна незаконна», — заявіла на судзе Людміла Казак.
На судзе выступілі сьведкі, супрацоўнікі міліцыі РУУС Цэнтральнага раёну, якія затрымлівалі адвакатку, Александар Аляксандравіч Александровіч і Іваноў Іван Іванавіч. Іх анкетныя дадзеныя зьмянілі, бо, паводле міліцыянтаў, ім і іх сем’ям паступаюць пагрозы. Абодва сьведкі былі ў балаклавах, выступалі на судзе праз скайп-сувязь.
«Хто вам пагражае? Я вам пагражаю?» — спытала Людміла Казак у сьведкі.
«Учора пагражалі», — адказаў сьведка Аляксандар Аляксандравіч Александровіч.
Сьведка Іван Іванавіч Іваноў ня зь першага разу разумеў пытаньні адвакатаў. Судзьдзя некалькі разоў прасіў адвакатаў фармуляваць прасьцей.
«Я не пазнаю гэтага чалавека, ён моцна картавіць, і я зь ім не сустракалася», — заявіла Людміла Казак.
Міліцыянт некалькі разоў адмаўляўся адказваць на пытаньні абвінавачанай і яе адвакатаў, спасылаючыся на службовую таямніцу. Адвакатка Людмілы Казак папрасіла прыцягнуць сьведку Іванова Івана Іванавіча да адміністрацыйнай адказнасьці за адмову ад дачы паказаньняў у судзе. Судзьдзя Аляксандар Рудэнка адмовіў. Адвакаты патрабавалі спыніць адміністрацыйную справу за адсутнасьцю доказаў.
«Адвакаты падвяргаюцца асабістым пагрозам, перасьледам і арыштам. Затрыманьне Людмілы Казак — гэта ціск на яе і яе кліентку Марыю Калесьнікаву. Гэта спроба запужаць адвакатаў, але мы не баімся, мы абураныя і патрабуем гэта спыніць», — заявіў адвакат Віктар Мацкевіч.
Падтрымаць Людмілу Казак прыйшлі калі 50 чалавек, сярод якіх калегі-адвакаты і аднагрупнікі.
Людміла Казак — шматдзетная маці, у яе трое непаўналетніх дзяцей. Адвакатка лічыць, што яе затрыманьне зьвязанае зь яе прафэсійнай дзейнасьцю — абаронай Марыі Калесьнікавай.
Людміла Казак перастала выходзіць на сувязь днём 24 верасьня. Увечары яе абаронцы даведаліся, што яна ў ІЧУ на Акрэсьціна, прычыны затрыманьня там назваць адмовіліся.
Як расказалі Tut.by адвакаты Віктар Мацкевіч і Сьвятлана Гарбаток, 25 верасьня яны не маглі трапіць да кліенткі больш як тры гадзіны. Адміністрацыя спачатку спасылалася на карантын, потым — на «ўнутраныя мерапрыемствы» ў ІЧУ. У выніку пусьцілі па адным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі адвакатку Марыі Калесьнікавай, яна ў ізалятары на АкрэсьцінаСа словаў Людмілы Казак, трое мужчын яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны.
«Адзін супрацоўнік АМАП, астатнія невядома хто, у масках. Прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС, размаўляў супрацоўнік Вусік. Склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на акцыі на праспэкце Пераможцаў, хоць на самой справе ў гэты дзень у ГЦ „Галілеа“ з дачкой куплялі рэчы да школы. Сьведкамі ў пратаколах пазначаныя „Івановы Іваны Іванавічы“ — асобы, чые пэрсанальныя зьвесткі зьмененыя», — паведаміў Віктар Мацкевіч.
Паводле Людмілы Казак, супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе «напышліва і па-хамску», называлі «дамочка», казалі, што яна павінна падпарадкоўвацца іх патрабаваньням. Цалкам ігнаравалі заявы, што ёй трэба на судовае паседжаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Менску адхіліў прашэньне абароны Калесьнікавай аб адмене арышту