«Дэкрэтны адпачынак ня дзеля таго, каб будучыя мамы наведвалі акцыі», — віцэ-прэм’ер

На акцыі хадзіць нельга, але гуляць са зброяй можна

Разглядаецца каля 280 адміністрацыйных справаў аб удзеле непаўналетніх у несанкцыянаваных мітынгах, паведаміў намесьнік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на паседжаньні Нацыянальнай камісіі правоў дзіцяці.

«Законныя прадстаўнікі запрашаюцца на камісіі ў справах непаўналетніх, прымаюцца адпаведныя меры, — цытуе чыноўніка БелТА. — Ёсьць відэафіксацыя, што сьвядома прыцягнулі на несанкцыянаваныя акцыі 25 дзяцей. Кожнаму факту будзе дадзена праўная ацэнка, ніводзін так званы бацька, які паддае сваё дзіця небясьпецы, не абміне прадугледжанай заканадаўствам адказнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што казаць дзецям? Праўду!» Як патлумачыць малым, што адбываецца ў краіне. Парады псыхоляга і бацькоў

Паводле віцэ-прэм’ера, 26 бацькоў, якія былі на мітынгах зь дзецьмі, ужо прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Ён дадаў, што пакараньне — гэта не самамэта. Асноўная задача — каб дарослыя нарэшце спыніліся, а «найбольш нядбайныя ўключылі галаву».

Ігар Петрышэнка асобна пракамэнтавваў выпадак, калі ў мінулыя выходныя ў Горадні на акцыю выйшла цяжарная жанчына.

«Дзяржава дае дэкрэтны адпачынак ня дзеля таго, каб будучыя мамы наведвалі падобныя мерапрыемствы, а каб яны маглі клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, займацца іх выхаваньнем і разьвіцьцём, — павыхоўваў чыноўнік. — Дапамога, якую выплочвае дзяржава, не павінна ісьці на выплату штрафаў. Мы будзем гэта спыняць і глядзець, каб грошы ішлі на ўтрыманьне дзяцей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якім садыстам трэба быць», — шматдзетныя маці зьвярнуліся да ўладаў Беларусі

Нацыянальная камісія правоў дзіцяці падтрымлівае падыходы на ўзмацненьне адказнасьці бацькоў «за ўцягваньне непаўналетніх у несанкцыянаваныя акцыі». Петрышэнка лічыць, што гэта ёсьць «грубым і бясспрэчным парушэньнем правоў дзяцей», Кодэксу аб шлюбе і сям’і ды іншых заканадаўчых актаў.