«Ня маем патрэбы ў „легітымізацыі“ ад саманазваных „легітыматараў“», — МЗС апраўдаў таемную інаўгурацыю 

Пасьлявыбарны пікет каля МЗС Беларусі, 18 жніўня

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з рэакцыяй шэрагу краін на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.

«23 верасьня ў адпаведнасьці з нормамі беларускага заканадаўства адбылася інаўгурацыя прэзыдэнта Беларусі. Народ, які зьяўляецца адзінай крыніцай улады і носьбітам сувэрэнітэту, зрабіў выбар. Менавіта гэта мае вызначальнае значэньне. Вынайдзеныя працэдуры зьнешняй легітымізацыі з усіх пунктаў гледжаньня нікчэмныя. Мы зьяўляемся міжнародна-прызнанай незалежнай дзяржавай і раўнапраўныя з усімі іншымі на міжнароднай арэне», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нахабнае ўмяшаньне ўва ўнутраныя справы». МЗС пра ўдзел Ціханоўскай у сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу 

Забарона на ўмяшаньне ва ўнутраныя справы ёсьць адным з прынцыпаў міжнароднага права, які замацаваны ў артыкуле 2 Статута ААН, адзначаецца далей у дакумэнце. Беларусы самастойна і без вонкавага ўмяшаньня выбіраюць кіраўніка сваёй дзяржавы, парлямэнт і мясцовыя саветы.

«Беларускі народ ня мае патрэбы ў „легітымізацыі“ сваёй улады з боку саманазваных факультатыўных „легітыматараў“. Спробы асобных краін Захаду паставіць пад сумнеў легітымнасьць кіраўніка дзяржавы не адлюстроўваюць думкі пераважнай большасьці міжнароднай супольнасьці. Асаблівае зьдзіўленьне выклікаюць паводзіны ўкраінскіх суседзяў, якія нават не спрабуюць закамуфляваць несамастойнасьць у зьнешнепалітычных рашэньнях і не спыняюць плынь заяваў з „прасунутымі“ ацэнкамі нашай унутрыпалітычнай сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заявіў, што не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі і чакае новых выбараў

МЗС заяўляе, што Беларусь ня ўмешвалася і ня мае намеру ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў. Адпаведна, чакае ад замежных партнэраў аналягічнага падыходу.

Таемная інаўгурацыя Лукашэнкі адбылася на фоне масавых пратэстаў, якія не сьціхаюць ад дня прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Ягоныя праціўнікі лічаць, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя.

Шэраг краін сьвету адмовіліся прызнаваць Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія краіны ўжо не прызналі Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Абнаўляецца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётра Садоўскі: наступствы непрызнаньня Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам могуць быць вельмі сур’ёзныя